Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

Гiсторыя

ГIсторыя

Грамадскага аб'яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў»

Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

1932 год 27 мая

Выходзе гiстрарычная пастанова ЦК К(б)Б аб лiквiдаваннi асацыяцыi пралетарскiх пiсьменнiкау, з мэтай арганiзацыi «Саюз Савецкiх пісьменнікаў БССР»

Першым старшынёй, з пачатку фарміравання саюза ў 1932 годзе, быў Міхась Клімковіч.

1934 год 1 чэрвеня

Адбываецца першае пасяджэнне аргкамiтэту Саюза Савецкiх пісьменнікаў БССР

Старшыні СПБ

1932–1937 — Міхась Клімковіч
1938–1948 — Міхась Лынькоў
1948–1967 — Пятрусь Броўка
1967–1990 — Максім Танк
1990–1998 — Васіль Зуёнак
1998–2001 — Уладзімір Някляеў
2001–2002 — Вольга Іпатава
2002–2011 — Алесь Пашкевіч
з 2011 — Барыс Пятровіч

Саюз беларускіх пісьменнікаў – самая сталая творчая арганізацыя Беларусі (гады заснавання – 1933-1934). Яе ранейшая назва – Саюз пісьменнікаў БССР і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Прафесійная, добраахвотная няўрадавая грамадская арганізацыя беларускіх пісьменнікаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці Рэспублікі Беларусь, спрыяе развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і мовы. Саюз пісьменнікаў створаны з мэтамі абароны творчых правоў, прафесійных і сацыяльных інтарэсаў літаратараў, забеспячэння ўмоў для практычнай рэалізацыі свабоды слова і друку, аховы творчай спадчыны.

1 чэрвеня 1934 года адбыўся I з’езд СПБ

Ад часу стварэння Саюз пісьменнікаў працаваў, дбаючы, у першую чаргу, пра культуру краіны. За развіццё нацыянальнай культуры і папулярызацыю беларускай літаратуры сябры Саюза пісьменнікаў ушаноўваліся дзяржавай: 19 сябрам СП было прысвоена званне Народных пісьменнікаў і паэтаў; 3-ом – Народных артыстаў; 41-му – заслужаных дзеячоў культуры Беларусі; 10-ці – заслужаных дзеячоў навукі. Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі сталі 101 сябра арганізацыі; 4-ры літаратары маюць пажыццёвы статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Дзесяткі сяброў Саюза абіраліся народнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Саюз пісьменнікаў аб’ядноўваў і аб’ядноўвае акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай Акадэміі навук, дактароў і кандыдатаў навук.

Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” (СБП) дзесяцігоддзі з’яўляецца фарпостам змагання за нацыянальную самабытнасць краіны, яе дэмакратызацыю, нястомна адстойвае правы аўтараў на свабоду выказванняў і думання.

Магутны інтэлектуальны патэнцыял арганізацыі паспрыяў усталяванню ў краіне шматлікім грамадскім аб’яднанням і рухам: - “Мартыролаг Беларусі”, Беларускі Народны Фронт; Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада; Таварыства беларускай мовы; Рада беларускай інтэлігенцыі і інш.

Саюз беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца ядром нацыянальнай інтэлігенцыі, паколькі ён аб’ядноўваў і аб’ядноўвае самых вядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Да дзейнасці Саюза пісьменнікаў сваім жыццём і творчасцю спрычыніліся такія яго сябры, як:

Купала і Колас, Чорны і Крапіва, Лынькоў і Броўка, Танк і Куляшоў, Панчанка і Макаёнак, Скрыган і Мележ, Караткевіч і Адамовіч, Быкаў і Шамякін, Брыль і Навуменка, Барадулін і Гілевіч,

дзесяткі іншых па-сусветнаму значных творцаў.

Пісьменніцкія з’езды, пасяджэнні Рады СБП маюць шырокі розгалас, прынятыя рашэнні і рэзалюцыі скіраваны на адстойванне свабоды слова, падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Кіраўнікамі Саюза пісьменнікаў у розныя гады былі Міхась Клімковіч, Міхась Лынькоў, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Васіль Зуёнак, Уладзімір Някляеў, Вольга Іпатава, Алесь Пашкевіч. Ад 10 снежня 2011 года яго ўзначальвае Барыс Пятровіч.

Незалежніцкая пазіцыя грамадскага аб’яднання на працягу апошніх 12 гадоў выклікае рэпрэсіі з боку тых, хто ажыццяўляе ўладу ў Беларусі. У 1997 годзе ў СБП распараджэннем кіраўніка Беларусі быў адабраны Дом літаратара (уласнасць арганізацыі), а ў 2006 годзе аб’яднанне было гвалтоўна выкінута з займаемага памяшкання ў згаданым доме і пазбаўлена юрыдычнага адраса. А яшчэ раней у 2002 годзе ў СБП былі адабраны літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх ён з’яўляўся. На гэтай базе была створана дзяржаўная Рэспубліканская выдавецкая ўстанова “Літаратура і мастацтва” (так званы холдынг), а нелаяльныя рэдактары і супрацоўнікі – звольнены з працы.

У 2005 ад Саюза аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны лаяльны да улады Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У апошнія гады СБП уцягнуты ў судовыя разбіральніцтвы. Найбольш гучнай справай быў працэс у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, распачаты па позве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ліквідацыю аб’яднання вясной гэтага года. Саюз беларускіх пісьменнікаў выстаяў, судовая справа была выйграна, што дае права арганізацыі дзейнічаць легальна.

Яшчэ адным абуральным прыкладам з’яўляецца скасаванне ў гэтым годзе са школьных праграм па беларускай літаратуры некаторых твораў сяброў СБП як “нацыяналістаў”. Цяпер

у СБП уваходзіць больш за 450 сяброў,

членства ў арганізацыі пастаяння пашыраецца з ліку тых літаратараў, якія шчыра рупяцца пра лёс бацькаўшчыны і нацыянальнай літаратуры і культуры. За мінулыя чатыры гады ў секцыі прозы, паэзіі і крытыкі паступіла больш за 300 заяў ад літаратараў аб прыёме ў Саюз. Больш за 120 заяў былі задаволены прыёмнымі камісіямі, у склад якіх уваходзяць самыя вядомыя пісьменнікі Беларусі. Грамадскае аб’яднанне “Саюз беларускіх пісьменнікаў” годна выконвае ролю грамадскага Інстытута літаратуры.

Фотаархiў

1926-1927 год

Супрацоўнікі часопіса "Полымя", сярод якіх Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, П. Трус, У. Ігнатоўскі і інш. [1926–1927 гг.] Фотарэпрадукцыя.

1942 г., жнівень

П. Панчанка сярод удзельнікаў Пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі.

1947 год

Беларускія пісьменнікі Я. Колас, М. Клімковіч, Я. Маўр, П. Броўка, П. Панчанка, А. Бачыла, М. Аўрамчык, М. Лужанін, А. Астапенка і інш.

1954 год 15 верасня

Я. Колас разам з К. Крапівой і рускім пісьменнікам К. Сіманавым у прэзідыуме 3-га з'езда пісьменнікаў Беларусі. г. Мінск

1955 год

Я. Колас і беларускія літаратары П. Броўка, А. Ставер, У. Караткевіч на нарадзе маладых пісьменнікаў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

1957 год 26 красавіка

Пратакол пасяджэння Прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР ад 26 красавіка 1957 г. аб рэкамендацыі да выдання ў 1958 г. твораў маладых паэтаў У. Караткевіча і Е. Лось і аб прыёме У. Караткевіча ў члены Саюза пісьменнікаў БССР..

1972 год 16 лютага

Беларускія пісьменнікі М. Аўрамчык, В. Быкаў, А. Дракахруст, У. Караткевіч у перапынку паміж пасяджэннямі Пленума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. г. Мінск.

2006 год 30 жніўня

Саюз пісьменнікаў выселілі з Дому літаратара. Пісьменнікі выносяць партрэты класікаў

2006 год

Апошняе паседжанне рады Саюза беларускіх пісьменнікаў у Доме літаратара

2011 год 10 снежаня

16-ы з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў прайшоў 10.12.2011. 17-ты з'езд адбыўся 04.03.2017.