Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

ПАДЗЕЯ 10 лістапада 2017

Біл і Бола ў Мінску — прэзентацыя для дарослых (УВАГА, МЕСЦА ЗМЕНЕНА)

У мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка).

21 лістапада ў мінскай прасторы «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара; ст. м. Грушаўка) адбудзецца першая сустрэча-гутарка пра ўнікальную «Суперкнігу пра Біла з Болаю (Біл разумны, а Бола вясёлая)». Пачатак у 19.00. Уваход вольны

Гэтая кніга для дзяцей пабачыла свет у серыі “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве “Кнігазбор”. На сустрэчы яе перакладчыкі на беларускую мову Андрэй Хадановіч, Алеся Башарымава і Надзея Кандрусевіч раскажуць пра Гунілу Бэргстрэм, яе выданні, пра Біла і Болу, як яны працавалі і чаму было важна гэта зрабіць.

У хлопчыка Біла з’яўляецца маленькая сястрычка Бола – нагода для радасці, весялосці і гонару. Але час ідзе, і паступова сям’я пачынае разумець, што з Болай адбываецца нешта не тое, яна зусім не размаўляе. Кніга ў вершаванай форме распавядае пра жыццё маленькай дзяўчынкі, якая  ніколі не будзе як усе.  Пра звязаныя  з гэтым радасць і гора, надзею і роспач. Пра тое, наколькі мы гатовыя жыць побач з тымі, хто не падобны да нас. Але найперш гэтая кніга пра любоў і здольнасць прымаць.

Ініцыятыва выдання кнігі належыць Надзеі Кандрусевіч, перакладчыцы са шведскай мовы:

“Я прачытала кнігу пра Біла і Болу чатыры гады таму, і яна вельмі мяне зачапіла — тады я ўжо ведала, што ў нас у сям’і расце асаблівае дзіця — малодшая дачка Марына, — распавядае Надзея.— Уразіла, як гэта ўсё напісанае — няма ніводнага лішняга слова. Усё было дакладна названае сваімі імёнамі, і я зразумела: так мог напісаць толькі той, хто сам прайшоў праз гэта. Я пачала шукаць інфармацыю пра Гунілу, пра яе іншыя кніжкі. У Швецыі яна пазнавальная дзякуючы серыі кніг пра Альфонса Оберга. Гэтыя кнігі таксама вельмі цікавыя, бо аўтарка — тонкі псіхолаг і трапна апісвае свае назіранні. Але кніга пра Біла і Болу, як кажа сама Гуніла, больш складаная, больш асабістая”.

З 1971 года Гуніла Бэргстрэм напісала каля 40 дзіцячых кніг, якія сама і праілюстравала. Яна пісала гісторыю Біла і Болы са сваёй уласнай сям’і: у яе двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.

Кнігі пра Біла і Болу – класіка шведскай літаратуры, яны шырока чытаюцца ў каледжах і навучальных установах. Паводле іх знятыя анімацыйныя фільмы і зробленыя тэатральныя пастаноўкі.  А ў 2012 годзе на кніжным кірмашы ў Гётэборгу Гуніле Бэргстрэм уручылі залаты медаль “за новы падыход у напісанні і афармленні дзіцячай кнігі з бездакорным адчуваннем дзіцячага светапогляду”.

Гл. таксама: інтэрв’ю з перакладчыкамі

Запрашаем!

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

паэзіяперакладыпрэзентацыікнігідзіцячая літаратураКаляровы ровар

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
«Для шчасця зямнога»
15 лютага 2018

«Для шчасця зямнога»

Чытаць далей...
291