Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

ПАДЗЕЯ 02 жніўня 2017

ІI Міжнародны open-air форум «Міжмор’е літаратур»

12-13 жніўня ў аграсядзібе Каптаруны. Папярэдняя рэгістрацыя!

12-13 жніўня ў аграсядзібе «Арт-вёска Каптаруны» адбудзецца ІI Міжнародны open-air форум «Міжмор’е літаратур», тэмай якога ў гэтым годзе стане — Літаратурнае міжмор’е. Рассоўваючы межы.

Фармат форума: дыскусіі і панэлі з удзелам вядомых пісьменнікаў, публіцыстаў, дзеячаў культуры, лідараў грамадскай думкі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і Германіі. Акрамя абмеркаванняў адбудуцца чытанні на тэмы — Мара пра мора, Мяжа і Ўскраіны, выступ праекта «КІНЕМО» і музычны сэт Аляксея Варсобы (Portmone).

Мінулы год стаўся годам выпрабаванняў для заходніх краін, краін Цэнтральная і Усходняй Еўропы, паставіўшы пад пытанне тыя геапалітычныя саюзы, якія складаліся дзесяцігоддзямі. Падаецца, наступныя гады пройдуць пад знакам пошуку новых стратэгій суіснавання, у тым ліку новых фарматаў узаемадзеянне культур. Падчас форума з культурнай перспектывы нам хацелася б абмеркаваць не толькі магчымыя будучыя сцэнары ў сітуацыі «крызіса Еўропы», але паразважаць над агульнымі старонкамі мінулага, што можа стаць адпраўной кропкай для узаемапрыцягнення і ўзаемаабмена ў новым фармаце.

Госці форума: Андрэас Ростэк (Германія), Марыюс Івашкявічус (Літва), Браніслаў Вільдштэйн, Юстына Чэхоўска (Польшча), Таццяна Пастушэнка, Мікола Рабчук (Украіна), Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Альгерд Бахарэвіч, Аляксей Братачкін, Аксана Гайко, Сяргей Дубавец, Артур Клінаў, Ігар Логвінаў, Таня Скарынкіна, Андрэй Хадановіч, Вольга Шпарага, Таццяна Шчытцова, Юля Цімафеева (Беларусь).

Будзем радыя бачыць вас сярод гледачоў! Уваход вольны. Даезд самастойны, побач будзе разбіты намётавы лагер. За асобную аплату можна будзе замовіць гарачае харчаванне. Папэрэдняя рэгістрацыя (у першую чаргу, для вашага камфорту): https://goo.gl/forms/x7zzOzmY6qFau6Gh1.

 

Праграма дыскусій:

 

  • Дыскусія «Intermarium: ад гісторыі да псіхагеаграфіі»

 

Якія новыя шанцы і магчымасці адкрываюцца для рэгіёна ў сітуацыі крызы і няпэўнасці старой Еўропы? Ці магчымая новая суб’ектнасць? І новае аблічча рэгіёна? Як магчыма думаць Міжмор’е? З якога месца і з якой перспектывы? Якія выклікі і інтэлектуальныя задачы стаяць сёння перад «людзьмі культуры»?

 

  • Дыскусія «Беларусь-Літва-Польшча: пераадоленне стэрэатыпаў»

 

Гістарычна паміж беларусамі, літоўцамі і палякамі склаліся цесныя культурныя адносіны, абумоўленыя агульнай культурнай спадчынай (Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай). Тым не менш падаецца, што сёння існуюць пэўныя стэрэатыпныя погляды ў дачыненні да культур нашых краін, абумоўленыя ў тым ліку напружаннем наконт прыналежнасці гэтай культурнай спадчыны. Што гэта за стэрэатыпы? Якія беларуска-літоўска-польскія стэрэатыпы можна прачытаць у нашых літаратурах? Ці патрэбны яны? І калі не, якім чынам магчыма іх пераадольваць? Якую ролю ў гэтых працэсах адыгрывае культура і літаратура?



  • Дыскусія «“Нацыянальная культура” ва Украіне і Беларусі як прастора рэфлексіі і канструявання»

 

У рамках дыскусіі пры ўдзеле экспертаў нам хацелася б абмеркаваць, з дапамогай якіх літаратурных і іншых культурных стратэгій магчыма сёння рэфлексаваць пра розныя пласты «нацыянальных культур» Украіны і Беларусі? Які вы гэтую культуру бачыце і хацелі б бачыць? Якія тыпы ідэнтычнасцяў і супольнасцяў канструююцца ў сучаснай літаратуры і культуры ў нашых краін (і ў вашай уласнай творчасці)? Ці здольныя культурныя праекты, і калі так, то якія, дапамагаць супраціўляцца розным формам гвалту, выкліканага вайной, дзяржаўным свавольствам і неалібэралізмам у нашых краінах?

 

  • Дыскусія «Памяць пра спадчыну габрэйскай культуры: Беларусь, Літва, Германія»

 

Адна з тэм дыскусіі — наколькі сёння пераадольваюцца стэрэатыпы мінулага і якое месца займаюць габрэйскія спадчына і культура, у тым ліку памяць аб траўматычных падзеях ХХ стагоддзя, у публічным дыскурсе Беларусі, Літвы і Германіі? Ці могуць прыклады габрэйскай і літоўскай памяці пра падзеі Халакосту ў Малетай і актуалізацыі ў Германіі твораў Майсея Кульбака, класіка габрэйскай літаратуры міжваеннага перыяду ў Беларусі, быць узорам новага, не абмежаванага спрэчкамі пра лакальную нацыянальную ідэнтычнасць падыходу да габрэйскай спадчыны і культуры ў розных грамадствах?

 

  • Дыскусія «Пераклады як масты ў мультыкультурным грамадстве»

 

Пераклад канцэптуальна разумеецца як адзін з асноўных інструментаў пераадолення разрыву паміж рознымі культурамі. Перакладчык — ён ці яна — з’яўляюцца, з аднаго боку, медыятарамі сэнсаў, з іншага — іх непасрэднымі стваральнікамі, што робіць пераклад моцным этычным і палітычным інструментам.

Якую ролю ў сучасным грамадстве — грамадстве «глабальнай вёскі» — грае пераклад? Ці заўсёды пераклад дапамагае пераадолець разрыў паміж культурамі? Як змяняецца альбо не змяняецца ягоная функцыя ў сітуацыі рухомых межаў?

Арганізатары форума: аграсядзіба «Арт-вёска Каптаруны», Літаратурны дом «Логвінаў». Пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, Амбасады Літоўскай рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Гётэ Інстытута ў Мінску.

 

Паводле прэс-рэлізу

афіша

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова
14 снежня 2017

Пабачыў свет 5-томнік Уладзіміра Арлова

Чытаць далей...
Падарунак на Каляды! Усе кнігі пра Пэтсана і Фіндуса цяпер можна не чытаць!
14 снежня 2017

Падарунак на Каляды! Усе кнігі пра Пэтсана і Фіндуса цяпер можна не чытаць!

Чытаць далей...
Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют»
14 снежня 2017

Пачаўся прыём заявак на прэмію «Дэбют»

Чытаць далей...
«З маланкай у сэрцы». Вечар у гонар Алеся Разанава
12 снежня 2017

«З маланкай у сэрцы». Вечар у гонар Алеся Разанава

Чытаць далей...
325