Каўка Аляксей Канстанцінавіч

Каўка Аляксей Канстанцінавіч

Каўка Аляксей Канстанцінавіч

Каўка Аляксей Канстанцінавіч

Каўка Аляксей (псэўданімы: А.Кастрыца, А.Каваль, К.Лямец, А.Канстанцінаў; 20.09.1937, в. Равіцкі Бор (цяпер Машчаліна) Чэрвеньскага р-ну Менскай вобл.), беларускі літаратуразнаўца, актыўны ўдзельнік руху самвыдату 1970 - першай паловы 1980-х, шмат зрабіў для перасылкі беларускіх альтэрнатыўных тэкстаў на Захад і іх выданьня там.

У 1954 скончыў Менскі бібліятэчны тэхнікум, у 1961 - філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Перад К. паўставалі пэрспэктывы службовай кар'еры ў савецкай сыстэме, ён быў уцягнуты ў камсамольскую дзейнасьць, у 1959-1963 быў нават першым сакратаром Чэрвеньскага райкаму ЛКСМБ; далей працаваў у апараце ЦК ВЛКСМ, дзе быў «куратарам» польскага камсамолу. У 1971 скончыў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК КПСС, тады ж стаў кандыдатам гістарычных навук.

На працягу 1971-1979 К. працаваў у Інтстытуце эканомікі сусьветнай сыстэмы сацыялізму, дзе спэцыялізаваўся на польскай праблематыцы, быў загадчыкам аддзелу ПНР. К. накіроўвалі на дыпляматычную службу - ён працаваў дарадцам пасольства СССР у ПНР (1979-1982). Гэтаму пэрыяду прысьвечаныя «Недыпляматычныя нататкі», якія ў 1997 пачалі публікавацца ў газэце «Наша Ніва». З 1983 К. працаваў у розных акадэмічных інстытутах, у 1987-89 быў галоўным рэдактарам часопісу «Советское славяноведение». З 1989 да цяпершняга часу - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытуту сусьветнае літаратуры РАН. У 1991 стаў доктарам філялягічных навук. Мае шмат публікацыяў па гісторыі беларускае літаратуры і культуры, а таксама па гісторыі Польшчы XX стагодзьдзя. К. уяўляе сабой рэдкі для Беларусі прыклад чалавека, які зрабіў пасьпяховую кар'еру ў дзяржаўных органах і адначасова праводзіў закансьпіраваную апазыцыйную дзейнасьць, змог пазьбегнуць пры гэтым сур'ёзных рэпрэсыяў.

Каўка ў 1989 быў абраны ў Сойм БНФ I-га скліканьня. Пасьля адышоў ад партыйнае дзейнасьці. У нашыя дні К. жыве ў Маскве і працягвае займаць актыўную грамадзкую пазыцыю. У 1995 пераклаў зь беларускай на расейскую мову (сааўтар пераклада, аўтар прадмовы) і выдаў у Маскве паэму Ведзьмака Лысагорскага (вобразны і легендарны псэўданім невядомага аўтара) «Луку Мудзішчаву прывітаньне з Расеі», дзе ў вострай сатырычнай форме даецца ацэнка аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. К. бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні ў Маскве акцыяў, накіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.

Асабістыя старонкі сяброў СБП

Паказаць увесь спіс