Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна

Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна

Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна

Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна

Нарадзілася 7 сакавіка 1969 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.

Закончыўшы Мачульскую васьмігодку, паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. У студэнцкі час была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння інстытута зразумела, што бухгалтарам ці эканамістам ёй не быць. Вярнулася ў родную вёску, пайшла працаваць у Мачульскую школу настаўнікам музыкі.
Вершы Ірына Ляшкевіч пачала пісаць у сярэдзіне 1990-х. Першыя яе вершы былі надрукаваныя ў столінскай раённай газеце «Навіны Палесся». У 1998 г. паэтка заняла трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе паэтаў і празаікаў «Дэбют». У 2000 г. у бібліятэчцы часопіса «Маладосць» выйшаў яе першы паэтычны зборнік «Сувой», які быў прыхільна сустрэты чытачамі і крытыкамі.

З 2004 г. Ірына Ляшкевіч — член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яе творы з’яўляюцца на старонках абласных і рэспубліканскіх газет і часопісаў — «Маладосць», «Крыніца», «Роднае слова», у штотыднёвіку «ЛіМ», лунінецкім альманасе «Вытокі», брэсцкім альманасе «Жырандоля», украінскім альманасе «Бурштынавы край». На творчым рахунку ёсць розныя па велічыні вершы, ёсць трыялеты, ёсць падобныя на рамансы, шмат чытарохрадкоўяў філасофскай тэматыкі.

У 2018 г. Ірына Ляшкевіч з вершам «Развітаецца травень калінаю белай...» перамагла ў паэтычнай гульні «Верш пра каханне: конкурс на прызы „Амерыканкі“». У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» убачыла свет чарговая кніга вершаў «Вас я чакала» (2018), у якую ўвайшлі вершы як новыя, так і выбраныя з першага зборніка, гэта шчырая размова з чытачом аб тым, чым поўніцца сучаснае вясковае жыццё жанчыны-творцы.