Ірына Багдановіч. Залатая горка: Вершы, пераклады, артыкулы

Ірына Багдановіч. Залатая горка: Вершы, пераклады, артыкулы

У кнігу ўвайшло колькі новых вершаў і перакладаў з польскай мовы, але найбольшую частку абымаюць літаратуразнаўчыя даследаванні, якія пераважна публікаваліся ў спецыялізаваных зборніках – матэрыялах канферэнцый, кангрэсаў – а таксама выходзілі ў перыядычным навуковым друку.

У акадэмічным свеце існуе традыцыя ганаравання заслужаных навукоўцаў да юбілеяў. У замежных бібліяграфіях можна знайсці нямала кніг, якія выдаюцца да 60-годдзя, 70-годдзя і іншых круглых датаў. Паплечнікі і вучні пішуць артыкулы ў ганаровы зборнік, а таксама дадаюць апісанне навуковай дзейнасці юбіляра ці юбіляркі, бібліяграфію навуковых прац заслужанага чалавека. На жаль, у Беларусі гэтая традыцыя не сталася цалкам натуральнай. Ледзь не адзінымі выключэннямі з правіла з’яўляюцца некалькі кніг выдавецтва “Лімарыус”, дзе выйшлі зборнікі, прысвечаныя Адаму Мальдзісу (адзінаму – прыжыццёва), Генадзю Кісялёву і Віталю Скалабану, з абавязковым дадаткам поўнай бібліяграфіі вучоных. З гэтай прычыны зборнікі тыя сталіся надзвычай каштоўнымі, бо бібліяграфіямі карыстаюцца цяпер шматлікія даследчыкі па гісторыі і гісторыі літаратуры ХІХ і ХХ стагоддзяў.

Ірына Багдановіч не стала чакаць, пакуль яе ўшануюць кнігай вучні, выдаўцы ці кіраўніцтва БДУ і Акадэміі Навук, дзе яна працавала і працуе некалькі дзесяцігоддзяў, і сама спрасціла ім задачу – выдала падагульняльны за 2000-я гады зборнік, дзе сабрала сваю бібліяграфію, артыкулы за апошнія гады, змясціла ўласную аўтабіяграфію – якую напісала для выдавецтва “Мастацкая літаратура” і якая так і не выйшла ў свет, хоць і была замоўленая.

Артыкулы добра высвечваюць дыяпазон навуковых зацікаўленняў Ірыны Багдановіч, тэмы, якія яна апрацоўвала ў апошнія гады. Зразумела, што ўкладальніца кніг Казіміра Сваяка, Вінцука Адважнага для “залатой серыі” “Беларускага кнігазбора” не магла абмінуць пытанняў, звязаных з іх творчымі метадамі. Ранейшыя актыўныя доследы і пошукі матэрыялаў па гісторыі беларускай літаратуры 1920-х гадоў таксама адлюстроўваюцца ў “Залатой горцы” некалькімі артыкуламі.

Дамінантай кнігі з’яўляецца тэма духоўных пошукаў: праз гэтую прызму разглядаецца, што зусім зразумела, творчасць пісьменнікаў – каталіцкіх святароў Казіміра Сваяка і Вінцука Адважнага. Але і па-за непасрэдна каталіцкімі пісьменнікамі праблема духоўнасці аналізуецца праз, напрыклад, выяўленне хрысціянскіх вобразаў храма, Маці Божай, Вялікадня, іконы Маці Божай Вострабрамскай, Ефрасінні полацкай у палітры беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Кніга “Залатая горка” станецца сапраўдным падарункам для тых, хто хоча спазнаць хрысціянскую аснову беларускай літаратуры мінулага стагоддзя, цікавіцца польскамоўнай літаратурай Беларусі, адлюстраваннем гістарычных вобразаў у айчыннай паэзіі.

Ціхан Чарнякевіч, для lit-bel.org