Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

БІБЛІЯТЭКА 29 сакавіка 2017

Аляксей Арцёмаў. Скрозь кіламетры: Вершы, пераклады

Аляксей Арцёмаў. Скрозь кіламетры: Вершы, пераклады

Вядомыя радкі: «печаль моя светла». Так, асаблівае паэтычнае ўменне ― ствараць лёгкі меланхалічны настрой. Стан надзвычай тонкі, і рэдкім словам можна яго зацугляць. Пра кнігу Аляксея Арцёмава піша Наста Грышчук.

Часта магія празрыстай, абаяльнай тугі разбураецца пад сцілом, не раўнуючы пылца на матыльковых крылах пад няўмелым дотыкам пальцаў.

У гэтым тонкім мастацтве малады паэт Аляксей Арцёмаў паказаў сябе майстрам. Яму “пашчасціла” нарадзіцца з адмысловым светапоглядам: трошку тужлівым, трошку панурым, і як следства – з іроніяй да свету, суседаў па планеце ды пакепліваннем з сябе.

Працуе й зваротная сувязь. Святло ў вершах Аляксея Арцёмава, якое прабіваецца “Скрозь кіламетры”, нясе ў сабе самоту стваральніка. Ненаўмысна, проста таму, што паэт – такі.

“Скрозь кіламетры” — дэбютны зборнік з немінучым дадаткам “быццам бы”. Апошнім часам акрэсліваецца ўсцешная тэндэнцыя: першыя паэтычныя кнігі аўтараў прэзентуюць  талент сталы, замест пробы пяра ― паўнавартаснае станаўленне на крыло. (дазволю сабе лірычнае адступленне: даволі цяжка працаваць з дэбютнымі кнігамі. Крытыкуеш – у адказ папрок: “ён жа дэбютант, не абломвай крылы”; падкрэсліваеш моцныя бакі – крывая ўсмешка: “геніяў у нас, што грыбоў”.)

І ў такіх варунках “Скрозь кіламетры” — падарунак: пра кнігу можна казаць без зніжак.

У дачыненні да паэзіі Арцёмава расхожы выраз “традыцыі могуць быць сучаснымі” гучыць якраз небанальна і вельмі дарэчна. Гэта ўзор т.б.м. “класічнай” творчасці. Вось, прыкладам, фармальны бок: рыфма ― ёсць, рытм ― вытрыманы, і нават самы занудлівы чытач знойдзе ўсе знакі прыпынку і загалоўныя літары. Калі паглядзець сур’ёзна: ніякага імкнення шакаваць, распрануцца ці, наадварот, напусціць туману. Тэмы ўсё тыя ж — каханне, самота, чалавек між людзей і на фоне пейзажа, жыццё ды смерць і пакутлівы пошук сэнсу паміж двума немінучымі прыпынкамі.

Назіранне за звыклымі рэчамі тут ператвараецца ў адкрыццё, бо ў аўтара чуйны погляд і вялікае добрае сэрца. Гуманізм, пра які казаць нямодна, — ці не вызначальная рыса паэзіі Аляксея Арцёмава. Шукаць таму пацверджанняў у асобных радках бессэнсоўна: сутнасць – у цэласным светапоглядзе аўтара, невычарпальнай цеплыні, якой хапае выпадковаму мінаку, котцы і далёкай каханай. Колькі б паэт сябе ні раздорваў, сардэчнасці не менее.

Але адчувальны пры гэтым нязменны матыў згасання. Герой, аднак, не робіцца злосным ці пакрыўджаным на свет, між тым сілаў у яго хапае толькі на сузіранне. Паглядзіце: “Скрозь кіламетры” — а руху, лічы, няма. Герой ніколі не выступае актыўным удзельнікам хоць якога дзейства. Ён заўжды – “чалавек за камерай”. Калі ж размова заходзіць пра яго самога, герой гэтаксама застаецца ў нерухомасці: за шклянкай віна, перад вогнішчам, у сузіранні навальніцы… Апошні кадр ― з верша пра самотнага венецыянскага дожа. І вобраз дожа, падаецца, найбольш трапны датычна самога аўтара. Касцюміраваны аўтапартрэт, можна сказаць.

Кантраснае суседства радасці жыцця й усведамлення немінучага фіналу не можа не хваляваць. Яно абвастрае не толькі пачуцці аўтара-героя, але й чуйнасць чытача да свету. У такім кантрасце адкідаецца ўсялякая драбяза, і абрысы чалавечага жыцця праступаюць рэльефна. Нарадзіцца, любіць, памерці. Вось і ўсё, што нам дадзена. Але ці так гэта мала?..

Прыцемненыя лагодным тонам кантрасты, супярэчнасць і суладдзе жыцця ды смерці, тужлівасць поруч з матывам кахання, а таксама атрыбутыка (віно, ноч, герой у шляху (што яшчэ не значыць рух, падкрэслім), прырода) — цэлы шэраг улік, якія даюць падставы “абвінаваціць” нашага аўтара: ды вы рамантык!.. У нас тут метамадэрнізм, а вы…

Няма каламбура, сцёбу, спасылак на модныя тэксты, няма мацюкоў і мяса – ну і што ты, у такім разе, можаш сказаць свету?.. Падобныя думкі ў прасунутага чытача прадказаць няцяжка. Адсюль сумны прагноз — у сучасніка (тым больш – аднагодка) Аляксей Арцёмаў вялікай папулярнасці не займее. Чытачу даспадобы фантастыка, дзе беларуская мова – наркотык, ці нататкі хлопца, які з’ехаў у вёску й гадуе казу. На тое, каб спыніцца, услухацца ў радкі, часу нестае. Звыклы да фастфуду чалавек спажывае гатовыя тэксты ― як паказалі абураныя допісы ў сацсетках з нагоды апошняе “Кнігі году”. Дзе трэба адчуць, падумаць, усвядоміць — там праблема, там – прабел.

Аляксей Арцёмаў, калі вярнуцца да тэзы “сучасная тардыцыя”, успадчыніў рысы трох майстраў. Ад Максіма Танка — звонкае гучанне верша ды жыццялюбства. Ад Міхася Стральцова — звычку “на рукі хукаць”: ніводнага прахаднога верша. Асобныя радкі, заўважна, падшываліся да тэкста пазней; але гэта звыклая справа. Сум ― таксама Стральцоўскі. У нечым венецыянскі дож Арцёмава і выгнаны патрыцый Стральцова – браты. Да слова, верш “Памяці Стральцова” — бездакорны, “радок бяззбройны і бясспрэчны”, і апраўдвае сваё прысвячэнне. Гэта найлепшае, што даводзілася мне бачыць у Арцёмава (і не толькі).

І, вядома, не пазбегнуць параўнання з Максімам Багдановічам. Тая ж адасобленасць ад культуры, якую паэт узбагачае; тое ж кранальнае пакланенне жанчыне, прыўкраснай нават у ролі мучыцеля; той жа матыў згасання.

Свет прыроды займае ў зборніку істотнае месца. Гэта й чысты пейзаж, і зялёныя сляды ў гарадскім гета. Аднак прырода для Арцёмава не існуе сама па сабе: яна мае значэнне толькі ў дуэце з чалавекам. Праз прыродны малюнак чытаецца стан героя. І наадварот: герой бачыць сябе ў пошуме дрэў, у сіняй вадзе, у травах. Змены паравінаў, часу сутак, сонцазаход і інш. — усё дапамагае зразумець сябе, але не прыроду. І якраз антрапацэнтрычнасць надае зборніку “Скрозь кіламетры” трагічнае гучанне. З заканчэннем чалавека заслона апускаецца. Паказальна, што завяршае кнігу пераклад верша Сары Тысдэйл “Будзе дожджык ласкавы…”. Карціна, дзе чалавека няма. А жыццё, як ні дзіўна, працягваецца. Мы тут неабавязковыя. І ці не значыць гэта – бессэнсоўныя?..

Усведамленне сваёй неабавязковасці, з аднаго боку, падрывае веру ў лёс, у сябе, у сілы, прыглушае цьмянае святло, якое дазваляе ўгледзець дарогу пад нагамі. І ў той жа час – здымае адказнасць за сябе ды іншых. Так, ты не ведаеш, куды ідзеш. Затое крок твой ― лёгкі.

Наста Грышчук, для lit-bel.org

паэзія, Кнігарня пісьменніка, Пункт адліку

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Людцы Сільновай — 60!
21 красавіка 2017

Людцы Сільновай — 60!

Чытаць далей...
Што такое гендарная роўнасць?
21 красавіка 2017

Што такое гендарная роўнасць?

Чытаць далей...
Ганна Комар і яе «Страх вышыні» (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
21 красавіка 2017

Ганна Комар і яе «Страх вышыні» (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
Якімі кнігамі варта ганарыцца беларусам?
20 красавіка 2017

Якімі кнігамі варта ганарыцца беларусам?

Чытаць далей...
144