Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

07 жніўня 2017

Біблія – найлепшы бэстсэлер усіх часоў

У Мінску ўрачыста адзначылі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Ля будынка Чырвонага касцёла адбыліся навукова-асветніцкія чытанні. З прамовамі аб дзейнасці пачынальніка кнігадрукавання выступілі духоўныя асобы, даследчыкі, пісьменнікі, грамадскія дзеячы.

Святкаванне распачаў мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч:  

-- Францыск Скарына прэзентаваў сваю першую кнігу 6 жніўня 1517 года, на свята Перамянення Пана. Біблія -- гэта вечна жывое і дзейснае слова, дадзенае нам з мэтай нашага духоўнага перамянення.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што Біблія і сёння з’яўляецца сусветным бэстсэлерам і заклікаў, каб яна стала настольнай кнігай беларусаў.

“У многіх яна ёсць у дамах, але запылілася. Прыйшоў час “адпыласосіць” Біблію гарачым імкненнем пазнаць яе. Няхай юбілей 500-годдзя кнігадрукавання і духоўна-асветніцкае свята ў гонар Францішка Скарыны стануць новым імпульсам вывучэння Бібліі, каб на яе падмурку наша краіна перамянялася і будавала шчаслівую будучыню!” -- заклікаў іерарх каталіцкага касцёла.

Ігар Міхайлаў, старшыня Біблійнага Таварыства, адзначыў не толькі адукаванасць, энцыклапедычныя веды Францыска Скарыны, але і духоўную мэту, якая ім кіравала: пакінуць назаўсёды народу вечную і невычэрпную мудрасць.

Старшыня беларускага клуба “Сябрына” ў Літве Валянцін Стэх распавёў пра святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Вільні.

Доктар філалагічных навук Іван Саверчанка падкрэсліў тры асноўныя моманты значнасці скарынаўскай дзейнасці. Па-першае, выданнем Бібліі першадрукар заклікаў шанаваць Бога-Стварыцеля ўсяго існага свету і вывучаць законы, пакладзеныя ў аснову ўсяго створанага. Па-другое, ён заклікаў цаніць і развіваць асобу чалавека як вяршыню ўсяго стварэння. Па-трэцяе, ён надаў увагу развіццю талентаў асобы, каб “дасканалы быў чалавек Божы”.

“Дзейнасць філосафа, асобы эпохі Адраджэння Францыска Скарыны з’яўляецца прынцыпам гуманітарных грамадстваў усяго свету”, -- адзначыў Іван Саверчанка.

Паэт Алесь Разанаў, аўтар кнігі “Маем найбольшае самі”, які паэтычна перастварыў тэксты прадмоваў Ф. Скарыны, падкрэсліў, што асветнік выкладаў людзям навуку Хрыстову і вучыў цаніць Боскі пачатак у чалавеку.

Пра даследаванні скарынаўскай спадчыны распавёў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў зрабіў экскурс у гістарычную эпоху, у якую жыў Ф. Скарына.

Як адзначылі навукоўцы, праз друкаванае слова беларусы здолелі не толькі далучыцца да інтэлектуальнай традыцыі свету, але і заявіць пра сябе. Ф. Скарына зрабіў крок да таго значэння, якое беларусы маюць у культурным сусветным развіцці.

У дольнай залі Чырвонага касцёла распачала дзейнасць выстава твораў беларускіх мастакоў на скарынаўскую тэму. Тут прадстаўлены працы Міколы Купавы, Алеся Марачкіна, Віктара Крука, Алы Губарэвіч і іншых. У мінскім Палацы мастацтваў 5 жніўня была разгорнута выстава маладзёвай і дзіцячай творчасці “Францыск Скарына -- наш лёс, наша мінулае, наша будучыня”.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Пяцісотгоднасць, імпрэзы, святы, юбілеі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«З маланкай у сэрцы». Вечар у гонар Алеся Разанава
12 снежня 2017

«З маланкай у сэрцы». Вечар у гонар Алеся Разанава

Чытаць далей...
Пасмакуем «Калядную кашу» – 21 снежня!
12 снежня 2017

Пасмакуем «Калядную кашу» – 21 снежня!

Чытаць далей...
Дарогамі роднай зямлі – памяці Уладзіміра Рагуцкага
12 снежня 2017

Дарогамі роднай зямлі – памяці Уладзіміра Рагуцкага

Чытаць далей...
Малы юбілей – XX «Бязмежжа»
12 снежня 2017

Малы юбілей – XX «Бязмежжа»

Чытаць далей...
481