Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

10 студзеня 2018

«Добры вечар, мая дарагая…»: прэзентаваная кніга Валянціны Аксак (+ФОТА)

“Завінены рай” -- сёмая кніга паэткі: ад пачатку 1990-х выйшлі “Цвінтар”, “Капліца”, “Антычны дождж”, “Віно з Каліфорніі”, “Ружоўніца” і “Дзікая сліва”. Нават ніколі і нічога з вершаў Валянціны Аксак не чытаўшы, па адных назвах можна зразумець: гэта паэзія па-за часам. Яна будуецца на архетыпах, без якіх няма чалавека і яго культуры.

Валянціна Аксак

На тое звярнуў увагу Ціхан Чарнякевіч. Тонкі водар нечага невымоўнага – так ён характарызуе паэзію Валянціны Аксак, у тым ліку “Завінены рай”. Але асабліва засяродзіў увагу на “Антычным дажджы”.

-- Кніга выйшла ў дзевяностыя – страшны час. “Антычны дождж” быў як вакно ў іншы свет, каранёвы, анталагічны. Гэтая антычнасць засталася ценем, які праходзіць праз кожную кнігу Валянціны Аксак, такім нетаропкім верлібрам… Тут шмат прыроды, але не такой, як на дзіцячых малюнках – дрэва й два сукі. Гэта сусветнае дрэва, і паэзія – частка прыроды.

А пачаўся вечар проста – з чытання вершаў. “Добры вечар, мая дарагая…” – першае, што пачулі гледачы ад Валянціны Аксак.

Агульнае ўражанне пасля чытанняў: “Завінены рай” – працяг “Дзікай слівы”. Але з біблійным ухілам (напрыклад, вершы “І мы тут былі”, “Поўня”). Новая кніга змяшчае цыклы вершаў, якія, па азначэнні аўтаркі, умоўна можна назваць хрысціянскімі.

Што цікава, хрысціянства ў Валянціны Аксак некананічнае. Гэта не погляд раба божага на высокія ід(э)алы, але погляд чалавека, роўнага боскаму. Вельмі займальна назіраць, як гераіня/аўтарка прымярае даўнішнія біблійныя сюжэты на сучаснасць, вядзе паралельна лініі рэлігійнага канону і паўсядзённасці чалавека.

Пры гэтым, як і раней, аўтарка – уся ў сабе, і ў сабе ж знаходзіць увесь свет. Захаваліся матывы адзіноты і “адцвітання”, такія сабе прымаразкі, сутонне, пераходныя плыткія станы. У такіх варунках чытач – чыстая фармальнасць: кніга і так завершаная.

Яшчэ адзін характэрны матыў: кветкі – дабро, мужчыны – зло.

Запрашаючы на вечар, інфапляцоўкі паведамлялі: у кнізе “старасвецкія нетры мовы і немінучая вусціш бязмоўя”. Што да “нетраў”, тут, відаць, найперш маюцца на ўвазе дзівосныя назвы раслінак, якія ведаюць сёння адзінкі аматараў-садаводаў. Заўважыла гэтую рысу рэдактарка Аляксандра Макавік, якую аўтарка кнігі лічыць бездакорным спецыялістам.

-- Творчасць Валянціны Аксак – гэта кніжны сад… Сад – ён яшчэ і райскі, такі канцэнтраваны вобраз. Але ў пані Валянціны сад не столькі райскі, колькі Гефсіманскі. У ім ёсць яшчэ права выбару, у ім ёсць віна і магчымасць даравання.

У працяг выдавецкай тэмы слова мелі выдавец Зміцер Вішнёў (“Галіяфы”) і мастак Генадзь Мацур. Зміцер падзівіўся свайму шанцаванню: у працы з кнігай не трэба было шукаць ні мастака, ні рэдактара. Увогуле, даволі дзіўна (у тым ліку са словаў паэткі), што такая кніга, як “Завінены рай”, з’явілася ў дзёрзкіх “Галіяфах”. На што Зміцер Вішнёў адказаў: для іх гонар спрычыніцца да выхаду такой кнігі.

Што да мастацтва, Валянціна Аксак прызналася: Генадзь Мацур так на яе паўплываў сваім бачаннем кнігі, што яна адмыслова для прэзентацыі знайшла сукенку, да кнігі падобную.

-- Дзе чалавек сапраўдны – у жыцці ці ў творчасці? Я разважаў над гэтым, пакуль для сябе не вырашыў: у творчасці. Чытайце кнігу пані Валянціны – там і ёсць сапраўдны чалавек, -- падсумаваў спадар Генадзь.

Таксама з нараджэннем кнігі аўтарку віншавалі старшыня ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай, настаўніца і  “лепшая мая чытачка” (В.А.) Наталля Плакса. Музычная аздоба вечара – Таццяна Грыневіч.

Тэкст і фота: Наста Грышчук, для lit-bel.org

Валянціна Аксак, паэзія, прэзентацыі, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)
20 красавіка 2018

«Не ведаў, што Апалінэр паходзіць з Беларусі». Эрленд Лу сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі (ФОТА)

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)
20 красавіка 2018

«Літаратурная Беларусь» № 139 (+ПДФ)

Чытаць далей...
Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»
20 красавіка 2018

Красавіцкія творчыя сустрэчы з «Будзьма беларусамі!»

Чытаць далей...
Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным
18 красавіка 2018

Новы «Дзеяслоў»: вершы Насты Кудасавай, пераклады з нарвежскай і японскай, дыялогі Святланы Алексіевіч з Веніямінам Блажэнным

Чытаць далей...
405