Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

28 снежня 2017

Як сказаць праўду і застацца жывым: у Мінску прайшла дыскусія літаратурных крытыкаў

Дыскусія літаратурных крытыкаў новай генерацыі адбылася ўчора ў Літаратурным музеі імя Максіма Багдановіча. Удзел у размове прынялі Марына Весялуха, Наста Грышчук, Жанна Капуста і Алена Карп. Мадэраваў сустрэчу Ціхан Чарнякевіч. Разам яны паспрабавалі разабрацца, чаму сучасная літаратурная крытыка незаўважная ў Беларусі і як палепшыць сітуацыю. Сустрэча была арганізаваная грамадскім аб’яднаннем “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Прадстаўляем вашай асноўныя тэзісы дыскусіі.

З якімі праблемамі на сённяшні дзень сутыкаецца беларуская крытыка?

- звужэнне чытацкай аўдыторыі;

- адсутнасць адзінага парталу пра літаратуру, дзе можна было б рэгулярна размяшчаць крытычныя матэрыялы;

- адсутнасць магчымасці друкаваць рэйтынгі кніг на інтэрнэт-платформах: ва ўсіх СМІ свой фармат, свая іерархія, не кожнае пагаджаецца друкаваць навіны пра літаратуру. У буйных выданнях знікаюць рубрыкі, прысвечаныя культуры. Прыкладам, на інфармацыйным партале TUT.BY рубрыку “Культура” замянілі на рубрыку “Кругозор”. Рэдактары парталаў, у сваю чаргу, скардзяцца, што матэрыялы пра літаратуру маюць нізкія рэйтынгі, таму аддаюць перавагу артыкулам на іншую тэматыку;

- пасіўнасць выдаўцоў, якія, з аднога боку, зацікаўленыя, каб пра іх кнігі пісалі, але, пры гэтым не кантактуюць з крытыкамі на пастаяннай аснове;

- замкнёнасць рэкламы беларускіх выданняў на фэйсбуку (нярэдка ў навязлівай форме ў выглядзе каментароў да прыватных допісаў), на вузкім коле чытачоў-знаёмых, якія і так сочаць за навінкамі ў літаратруы;

- адсутнасць кніжных менеджараў, кніжных скаўтаў, валанцёраў, піяршчыкаў, папулярных кніжных відэа-блогераў. У выніку ад крытыкаў патрабуецца выкананне дзясяткаў функцый, што можа адмоўна адбівацца на якасці матэрыялаў;

- нізкі статус крытыка нават у сваёй сферы дзейнасці;

- адсутнасць паўнавартаснай аплаты працы ў літаратурнай крытыцы. З гэтай прычыны большасць крытыкаў рана ці позна сыходзіць у нелітаратурныя прафесіі;

Наста Грышчук

Наста Грышчук

У чым бачаць сваю функцыю сучасныя аўтары крытыкі?

Наста Грышчук: Ад нас чакаюць, што мы скажам, што ў кнізе не так, але, пры гэтым, адначасова больш са станоўчай адзнакай, каб і прасунуць. Крытыкаваць нельга – трэба рабіць зніжку на сітуацыю. Але ж у ідэале, калі разбіраеш тэкст, да ўсяго трэба падыходзіць аб’ектыўна. Калі крытыкі будуць рабіць аўтарам зніжкі, нічога добрага не атрымаецца.

Жанна Капуста: Мы рэагуем на літаратурны працэс, паказваем, што ён ёсць, жыве. Выходзяць кнігі – і мы на іх адгукаемся, яны не знікаюць недзе ў бездані.

Марына Весялуха: Функцыя залежыць ад таго, куды я пішу. Калі ў “Звязду” – мне важна напісаць, што за кніга выйшла, каму яна можа быць цікавая – нейтральны тэкст, каб чытач у рэгіёнах пабачыў, што ёсць такі аўтар. Калі пішу на “Радыё Свабода” – магу сабе дазволіць іронію, пакпіць з аўтара, выбраць цікавую форму.

Алена Карп

Алена Карп

Алена Карп: Думаю, рэклама ўзнікае як пабочны эфект – нейкі сімвалічны капітал аўтару капае, калі пра яго напісаў крытык, які таксама мае з гэтага свой сімвалічны капітал. Але рэкламай павінны займацца прафесіяналы. Мне здаецца, у нас ёсць “магія імя” – імя, якое аднойчы прагучала і пасля будзе доўгі час узгадвацца. Сама кніга можа не чытацца, але мы будзем па-інэрцыі казаць, што пісьменнік цудоўны, і запісваць у рэйтынгі. Мне ж звычайна хочаццца расказаць пра кнігу, пра якую наўрад ці хто-небудзь напіша.  

Ці павышаюць цікавасць да літаратуры літаратурныя прэміі і рэйтынгі?

Прэміі, у тым ліку і прэмія Гедройца, усё адно гучаць у вузкім коле, папулярызацыі літаратуры не спрыяюць, але ўсе – і пісьменнікі, і крытыкі, робяць выгляд, што гэта нармальна. На жаль, спынена практыка крытычнага агляду шорт-ліста прэміі Гедройца. Пры гэтым вышэйназваная прэмія стварае экспертнае поле, дзе выбіраюцца найлепшыя творы з сучаснай беларускай літаратуры. Такім чынам меркаванне журы замяняе сабой крытычную экспертызу.

Рэйтынгі, кшталту, найлепшыя кнігі года па версіі Радыё Свабода, таксама паказальныя. Прыкладам, відавочна, што ў 2017 годзе пераклады засланілі сабой і прозу, і паэзію: літаратурныя эксперты сярод найлепшых кніг называлі выданні 2016 года.

Што трэба рабіць, каб змяніць сітуацыю?

Жанна Капуста: Пісаць пра кнігі, працаваць, і тады будзе рэха і водгук. Калі мы перастанем крытыкаваць – гэта будзе азначаць, што нам самім не цікава. Думаю, бяда наша ў тым, што мы замыкаемся ў нашым коле. Трэба хадзіць у людзі, а мы, наадварот, заўсёды збіраемся самі з сабой. Ад таго і наклад кніг падае, і краудфандынг нагадвае адчайны крык.

Жанна Капуста

Алена Карп: Трэба павышаць узровень. Я вельмі далёкая ад таго, каб плакаць – наш чытач неразумны, давайце мы яму напішам як мага прасцей: “Топ-5 вясёлых кніг”, “Топ-5 спектакляў, на якія трэба звадзіць дзяўчыну” і інш. Гэта шлях у нікуды. Мы не мусім гэтым займацца. Я за тое, каб была разумная крытыка. Калі людзі любяць чытаць – яны ўжо дадакова развітыя, каб прачытаць сур’ёзную рэцэнзію на беларускай мове.  

Наста Грышчук: Калі адмесці рэкламу, крытык – чалавек, які павінны пастаянна самаадукоўвацца і расці, бо калі ты спынішся – ты выпадаеш. І гэта праблема. Павінны быць нейкі пастаянны заробак канкрэтна з гэтай справы, на які можна існаваць. Калі ты матэрыальна забяспечаны – ёсць вольны час чытаць тое, што хочаш, вывучаць вопыт замежных калег, самаадукоўвацца, і паралельна пісаць. І каб на цябе пры гэтым не ціснулі: “Давай прыбяром вось гэта”. Калі такія ўмовы праіснуюць нейкі працяглы час – крытыкі будуць самі па сабе расці, з’явіцца база для будучыні.

Марына Весялуха

Марына Весялуха

Марына Весялуха: У беларускай літаратуры да крытыкаў дзве прэтэнзіі: па-першае, вас няма, па-другое, вы павінны адказваць за папулярызацыю беларускай літаратуры. То бок атрымліваецца, што гэта нікому не патрэбна –толькі нам самім, такое выходіць альтруістычнае хобі. Так, я сапраўды вельмі сумую, калі не пішу, вельмі хочацца чытаць і распавядаць свае ўражанні ад кнігі. Але адны мы нічога не зробім, патрэбная дапамога звонку, разуменне выдаўцоў у першую чаргу.  

Напрыканцы ўдзельнікі дыскусіі пагадзіліся на тым, што патрэбнае павышэнне аўтартыэту і статуса крытыкі. Магчыма, гэта адбудзецца праз інстытуцыялізацыю крытыкі ці заснаванне адмысловага крытычнага інтэрнэт-парталу. 

Аляксандра Дварэцкая, для lit-bel.org

крытыка, музеі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
638