Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

11 жніўня 2017

Дзень памяці Якуба Коласа – 14 жніўня

13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). 14 жніўня 2017 года кожны ахвотны зможа далучыцца да ўшанавання яго памяці ў Мінску.

Яшчэ пры жыцці паэт быў адным з тых, хто ўвасабляў нашу нацыянальную літаратуру, быў гонарам і сумленнем кожнага беларуса. Якуб  Колас  не  толькі  бліскучы  майстар  мастацкага  слова,  але  і  глыбокі  інтэлектуал,  яркі  нацыянальны  мысліцель, адзін з заснавальнікаў новай беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў, алегарычных “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі нацыянальнай класікай.

Якуб Колас  —  фенаменальная  з’ява  нацыянальнай  літаратуры   і   культуры,   філасофіі   і   эстэтыкі. Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Імя Коласа носяць Інстытут мовы і літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. У сталіцы і на радзіме Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыне, а таксама ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Песняра, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка. Чым далей, тым больш спраўджваюцца радкі беларускага паэта Петруся Броўкі, прысвечаныя Якубу Коласу: “Твой сад цвіце ў радаснай краіне, ягоны шум прасторамі звініць, і доўга будзеш ты пад небам сінім ісці, спяваць, паэт, і жыць і жыць”.

14 жніўня, у дзень памяці паэта, музей Якуба Коласа запрашае на аўтобусна-пешаходную  экскурсію “Мінскія адрасы Якуба Коласа”, якая дапаможа глыбей пазнаць жыццё беларускага Песняра праз падарожжа па мясцінах у Мінску, якія звязаны з яго імем. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзе Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, Мінскі астрог, у якім на працягу трох гадоў паэт адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, БДУ, дзе з 1923 па 1926 гг. выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч, плошча Якуба Коласа, дзе размешчаны  помнік народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура, дом на Старожоўцы, які сям’я паэта  арандавала з 1921 па 1927 гг. у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага і дзе знакаміты пісьменнік скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, Цэнтральны дзіцячы парк імя М. Горкага, які пазнаёміць з даваенным жыццём сям’і Якуба Коласа. Апошнім пунктам наведвання стануць Вайсковыя могілкі.

У 15.00 адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра. Удзел у ім прымуць члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by

памяць

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)
20 лютага 2018

Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)

Чытаць далей...
Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)
20 лютага 2018

Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта
20 лютага 2018

«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Чытаць далей...
«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
19 лютага 2018

«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
531