Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

07 кастрычніка 2017

Каб вучыцца быць аўтарам і чытачом: у Школе пісьменніка пачаўся новы сезон

У мінскай прасторы «Тартак» 7 кастрычніка адбылася першая сустрэча з выкладчыкамі новага набору навучэнцаў «Школы маладога пісьменніка», якая працуе пры ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Талент кожнага з аўтараў-пачаткоўцаў пацверджаны конкурсам, які яны вытрывалі, каб трапіць сюды – сёлета на адно месца ў школе прэтэндавалі чатыры чалавекі.

Навучэнцы

Школа маладога пісьменніка арганізавана для празаікаў, якія пішуць па-беларуску і па-руску, і працуе ўжо шосты год. Каб трапіць туды, трэба аформіць заяўку, укласці ў яе матывацыйны ліст і адзін з уласных тэкстаў.

Праграму, па якой вучацца аўтары-пачаткоўцы, многія лічаць перанасычанай, але карыснай і перспектыўнай. Адзін дзень у школе -- гэта тры заняткі ад дасведчаных выкладчыкаў і майстар-клас. Для навучэнцаў, якія паспяхова прайшлі першы курс, але не пажадалі на гэтым спыняцца, існуе і другі, дзе яны будуць працаваць ужо над канкрэтным праектам -- прасцей кажучы, рыхтаваць да выпуску ўласную кнігу.

Выкладчыца Школы Людміла Рублеўская і Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч (Сачанка)

Маладых аўтараў, якія сёлета вытрывалі сур'ёзны конкурс і пачалі навучанне, з паступленнем павіншаваў Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч.

“Сёння вы -- лепшыя з лепшых: спадзяюся, гэта пацвердзіцца падчас вучобы. Жадаю вам поспехаў і спадзяюся, што літаратура з часам ператворыцца ў вашу прафесію. Ад сябе асабіста я шчыра і па-добраму зайздрошчу вам, таму што ў часы маёй маладосці такой школы не было. Калі я ўпершыню пабываў на занятках, то нават падумаў, што вучыцца ніколі не позна – можа, падаць на наступны год заяву? (Смяецца).

Школа маладога пісьменніка асаблівая, падобных на постсавецкай прасторы няма. Таму нашы выкладчыкі і кіраўнікі пабывалі за мяжой, паглядзелі, як адбываецца праца такіх навучальных устаноў у Еўропе, і стварылі цікавую праграму. Мы маглі б назваць Школу маладога пісьменніка інстытутам, таму што адукацыя тут даецца сур’ёзная. Калі вытрываеце – у наступным навучальным годзе у вас ужо будзе свая кніга. А гэта падстава, каб стаць сябрам “Саюза беларускіх пісьменнікаў”!”

Сур’ёзную адукацыю, пра якую казаў Барыс Пятровіч, навучэнцы Школы маладога пісьменніка атрымліваюць не толькі дзякуючы інавацыйнай праграме, але і добрым выкладчыкам, сярод якіх -- загадчыца кафедры замежнай літаратуры БДУ, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык, пісьменніца, журналістка, літаратурны крытык, паэтка Людміла Рублеўская, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, пісьменніца, ілюстратарка Наталля Паваляева.

Выкладчыцы Школы Ганна Бутырчык і Людміла Рублеўская

Выкладчыца Школы Наталля Паваляева

У кожнага выкладчыка свой падыход. Напрыклад, Ганна Бутырчык практыкуе “пісьмо праз чытанне”: патрабуе, каб навучэнцы не толькі прыносілі на абмеркаванне свае тэксты, але і чыталі тэксты сваіх калег, адно аднаго. Людміла Рублеўская пужае тым, што пісаць трэба будзе ажно на занятках, але адразу супакойвае: на самай справе такі падыход вельмі плённы, да таго ж ён ужо практыкуецца і мае поспех у аналагічных школах Швецыі.

“Напачатку гэта шок: як можна на занятку проста сесці і напісаць фрагмент твора? Мы таксама былі здзіўленыя, пакуль не з’ездзілі ў Швецыю і не паглядзелі, як там арганізаваныя заняткі. Навучэнцы там 2-7 хвілін пішуць -- і ўсё атрымліваецца! Як і ў любой мастацкай дзейнасці, у літаратурнай трэба “набіць руку”. Таму я абяцаю на занятках шмат інтэрактыву, будзем вучыцца незвычайна бачыць свет і знаходзіць у ім матэрыял для творчасці. Праграма ў нас інтэнсіўная, але той, хто вытрывае навучанне ў гэтай школе, да выпуску будзе мець каля ста тэкстаў, якія ўжо можна публікаваць”, -- распавяла Людміла.

Куратаркі Школы Юлія Цімафеева і Алена Казлова

Куратаркі школы Алена Казлова і Юлія Цімафеева растлумачылі навучэнцам арганізацыйныя моманты. Яны распавялі, што для зручнасці кантактавання аўтараў-пачаткоўцаў існуе закрытая фэйсбук-суполка школы і блог, дзе навучэнцы могуць вывешваць свае тэксты і атрымліваць фідбэк. І папярэдзілі, што працы лепш здаць у апошні дзень, чым не здаць увогуле -- але ў выпадку ігнаравання аўтарам дэдлайну якаснай крыткі ён атрымаць не зможа.

Кожны з навучэнцаў школы прыйшоў сюды па сваіх прычынах. Хтосьці мае філалагічную або журналісцкую адукацыю, нямала публікацый і вырашыў адтачыць майстэрства. Хтосьці пісаў у стол, але вырашыў праявіць сябе -- і прайшоў адбор. Нехта толькі робіць першыя крокі ў літаратурнай дзейнасці, а нехта мае пэўны досвед, але не ведае, што рабіць далей. Адна з вучаніц, Юльяна Пятрэнка, жыве ў Гомелі, але дзеля заняткаў у “Школе маладога пісьменніка” гатовая ездзіць у Мінск.

Падчас знаёмства некаторыя з навучэнцаў адзначылі, што жадаюць стаць не толькі добрымі аўтарамі, але і чытачамі. Бо каб адчуваць твор і разважаць над ім, патрабуюцца асаблівыя веды. Гэтую тэму падтрымала Юлія Цімафеева, якая адзначыла: пасля заканчэння курсу сярэдняй школы ў некаторых увогуле застаецца ўражанне, што ўсе беларускія пісьменнікі ўжо даўно памерлі.

“Карысна пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, даведацца, хто яны, і з чаго складаецца сучасная беларуская літаратура. Акрамя пашырэння светапогляду гэта можа даць вам таксама і сувязі ў літаратурным асяроддзі, дзякуючы якім вы зможаце атрымаць дапамогу і водгукі на свае творы, калі гэта вам спатрэбіцца”, -- рэзюмавала куратарка.

Пасля знаёмства навучэнцаў з выкладчыкамі і перапынку на каву Школа маладога пісьменніка пачала свае першыя заняткі.

Тэкст: Алена Босава, фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org

Школа маладога пісьменніка, адукацыя, даследаванні, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)
20 лютага 2018

Новыя кнігі на фестывалі «Вершы на асфальце» (фота)

Чытаць далей...
Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)
20 лютага 2018

Тумас Транстромер на фестывалі Стральцова (фотарэпартаж)

Чытаць далей...
«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта
20 лютага 2018

«Remember, remember…»: (не)прапушчаныя старонкі белліта

Чытаць далей...
«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)
19 лютага 2018

«Пункт адліку» ў Школе маладога пісьменніка (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Чытаць далей...
719