Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

08 лютага 2018

Каша з маслам: пра тое, якім падступным можа аказацца нон-фікшн

Школа маладога пісьменніка актыўна развівае ў сваіх навучэнцах творчы пачатак. Думай вобразна! Шукай слова! Працуй з сюжэтам! Усё слушна. А што, калі малады аўтар схільны да фіксацыі рэальных гісторый? Якім шляхам яму ісці? Піша Наста Грышчук.

Банальна, але на розум прыходзіць Святлана Алексіевіч. Чым не прывабны ўзор: журналістка, працуе з фактамі, майстар нон-фікшна, што пацвердзіла Нобелеўская прэмія. Значыцца, гэты шлях таксама мае месца быць. Дык ці трэба ў такім разе пісаць пра ягады, якія “напаўнялі рот салодкім смакам, нібы эліксір, які настойваўся на сонцы і набываў ад яго гаючыя ўласцівасці”? Ці патрэбная ў гісторыі кахання ноч, якая “пачала растварацца ў першых промнях, што выстрэльвалі з-за лініі гарызонту”?

Гаворым пра дэбютную кнігу Ніны Лістоты “Каханні”. Дваццаць апавяданняў, змаляваных з рэальных гісторый. Як мінімум дваццаць інтэрв’ю, падчас якіх аўтарка мусіла выцягнуць з “проста расповеду” неабходныя дэталі, вызначальныя штрыхі, тую самую соль, якая адрозніць першую гісторыю ад другой, другую – ад трэцяй і так далей. Напраўду – вялікая праца. Бо як ні круці, усе гісторыі любовей схожыя. Тэорыя літаратуры сцвярджае, што існуе тры (дзесяць, пятнаццаць – лічба, як заўжды, вагаецца) сюжэтаў, матрыц, у якія ўкладаюцца нюансы. Тут жа колькасць гісторый перавышае колькасць тых самых базавых сюжэтаў.

Так, агульная тэма вельмі спрашчае справу ўкладання кнігі. Каханне. Ок. Назбіраў патрэбную для аб’ёма колькасць тэкстаў – і вось табе цэласная кніга. Тут жа хаваецца вялікая рызыка: каб кніга не ператварылася ў пласцінку, якая з пятай мелодыі пойдзе па коле. Ніна някепска вырашыла задачу: тэма адна, але ж людзі – розныя. Галоўныя героі маюць “асаблівыя прыкметы”: яркія дэталі знешнасці, прафесія, хобі, якія робяцца ключавымі ў гісторыях каханняў. Там пазнаёміліся на выставе, тут – разам гралі ў гурце. Ён запрыкмеціў сукенку каханай, яна – адасобленасць і нелюдзімасць хлопца… У кожнай гісторыі свая вызначальная рыса.

Вельмі часта Ніна Лістота распавядае пра людзей творчых прафесій. Яно і зразумела – блізкае кола. Каб разгаварыць чалавека, развесці на шчырасць (гучыць не вельмі, але так яно і ёсць), трэба разумець суразмоўцу. Тут дапамагаюць агульныя захапленні: літаратура – найперш, потым – мова. Кола беларускамоўных кампактнае, так што не спатрэбіцца й пяці рукапацісканняў – хопіць аднога-двух. Яшчэ адна прычына (як мне бачыцца) выбару героя творчага – у яго і гісторыя шматабяцальная. Найперш – у плане літаратурным. Драма, жарсці, крайнасці – добрая глеба для прозы. Зноў жа, антураж: мастацкая студыя, кулісы тэатра, песні пад гітару, маляўнічыя пленэры ў лясочку – там можна і аголеную натуру пісаць, а гэта, як вядома, спрыяе збліжэнню...

Зноў згадваецца Алексіевіч, якая цягам апошніх год распавядае пра намер напісаць кнігу, прысвечаную любові. Тэма больш шырокая, дый глыбіня распрацоўкі будзе іншая, але ў прынцыпе Ніна Лістота пацэліла туды ж. Каханне – невычарпальная тэма для нон-фікшна. Тэма бяспройгрышная пры той умове, што аўтар будзе трымацца ў межах жанру.

І тут мы вернемся да пачатку: Школа маладога пісьменніка развівае ў навучэнцах мастацкі пачатак. Ніна як сумленная вучаніца аздобіла рэальныя гісторыі маляўнічымі параўнаннямі, пейзажамі, дадумала пачуцці герояў у розных варунках.

Так у адной кнізе сутыкнуліся два стылі – мастацкі і публіцыстычны. Пры ўсім падабенстве яны не адно і тое ж. І калі адзін фрагмент тэксту напісаны апавядальна, вытрымана, словам, у стылі публіцыстычным, а другі раптам аказваецца яркай плямай ці суквеццем фарбаў – гэта б’е па вачах. Кніга “Каханні” пацярпела ад жадання аўтаркі застацца вернай арыгіналу і пры гэтым расквеціць яго. Узяць любое апавяданне: уражанне такое, быццам бы яго пісалі двое – журналіст, які дакладна ведае, пра што піша і чаго хоча ад тэксту, і празаік-пачатковец, схільны да драматызацыі (што не заўжды падкрэслівае вастрыню канфлікту – наадварот, нівелюе), шматслоўны, занадта шчодры на дэталі ў апісаннях гардэробу гераіні ці душэўнага стану героя. Як толькі Ніна адыходзіць ад дакладнага расповеду, з’яўляюцца абцякальныя фразы, пустоты, нешта агульна круглае, якое быццам бы і пра герояў, але…

У публіцыстычным стылі аўтара трымае ў межах разумнага сам стыль. У мастацкім тэксце трэба быць надзвычай пільным. Ці сапраўды ў сказе “Салёныя кроплі, бліснуўшы ў вачах, паляцелі ўніз, каб злучыцца з прэснай прасторай вады” гучыць драма? Уражанне зваротнае: аўтар іранізуе.

Іншым разам, калі не знаходзіцца патрэбнае слова, выскоквае штамп. “Яна цяпер у эпіцэнтры мужчынскіх позіркаў”. “Кася збянтэжана глянула на мужчынскае мора вакол. Захлынуцца ў ім не хацелася”. Тэксты пакідаюць саладжавы прысмак: лавандавая далікатнасць дотыкаў, таямніца злучэнняў двух жыццяў у адно, снег замятае сляды каханай, а немаладая муза прагна ўпіваецца ў вусны маладога мастака.

Калі Ніна Лістота свядома трымаецца такога стылю, надалей яна займее чытача непатрабавальнага, збольшага – сентыментальных дзяўчат, якім таксама хочацца любові і якія зачытваюцца шэдэўрамі Маерс альбо Спаркса (манера пісьма ў “Каханнях” надта блізкая да манеры твораў апошняга, напрыклад). Калі Ніна хоча большага, ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы – вельмі доўгая, знясільвальная праца са словам, якая збольшага будзе заключацца ў бясконцым пісанні, і траціна з напісанага будзе выкрэслівацца. Другі – і мне ён бачыцца найлепшым – нон-фікшн. Тут таксама неабходны пошук слова, але слова іншага роду, і талент аўтара нон-фікшн – іншны: талент бачыць чалавека, гаварыць з людзьмі, умець адмыкаць іх, адсякаць адгалінаванні, якія размываюць структуру гісторыі, пакідаць толькі самае каштоўнае. Якраз з гэтай часткай “Каханняў” Ніна Лістота ўправілася лепш за ўсё, і ў гэтым мне бачыцца будучыня аўтаркі.

Наста Грышчук, для lit-bel.org

Пункт адліку, Святлана Алексіевіч, нон-фікшн, крытыка, Школа маладога пісьменніка

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
«Для шчасця зямнога»
15 лютага 2018

«Для шчасця зямнога»

Чытаць далей...
242