Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

08 лютага 2018

Майстар сюжэтнай паэзіі і балад

70-гадовы юбілей выдатнага беларуска-габрэйскага паэта і медыка Фелікса Баторына быў адзначаны літаратурнай вечарынай у клубе “Тхія” культурнага таварыства “Эмуна” у Мінску. Юбіляра сардэчна прывіталі яго даўнія сябры па творчасці: Леанід Дранько-Майсюк, Галіна Каржанеўская, Алесь Разанаў, Аксана Спрынчан і іншыя.

Галіна Каржанеўская і Фелікс Баторын

Чалавекам вялікага лёсу назваў Фелікса Барысавіча старшыня Саюза Беларускіх габрэйскіх абшчын Уладзімір Чарніцкі. Ён выказаў падзяку паэту, які стварае вершы на беларускай мове і на ідыш, і тым самым служыць збліжэнню і паразуменню народаў і культур.

Свой выступ паэт пачаў з верша “Песня Дэворы”, прарочыцы і правадыркі свайго народа. Тэкстолагі, якія аналізавалі гэты ўрывак з Бібліі, прыйшлі да высновы, што гэта самы старажытны тэкст на габрэйскай мове.

Паэт разважае, што ў маладосці чалавек імкнецца наперад, не зважаючы на аўтарытэты. Калі праходзіць час, маладое дрэва ўспамінае пра свае карані, і нарэшце, на схіле жыцця чалавек прыходзіць да пачаткаў.Такім пачаткам зараз служыць для паэта ўрывак са Святого Пісьма.” Песнь Дэворы” – светлая і радасная песнь у гонар перамогі над ворагамі.

Фелікс Баторын - трохмоўны паэт рэдкага таленту. Пачаўшы пісаць вершы ў юнацтве, ён чытаў іх старэйшай сястры Святлане, якая пакутавала на ныркавую недастатковасць у пасляваенны час, і паабяцаў дзеля яе суцяшэння ўдасканальвацца на паэтычным шляху. Адначасова ён вучыўся ў медынстытуце, і паэзія яго паступова набыла мяккасць, пранікнёнасць, лірызм і філасофскую глыбіню.

Беларуская мова была роднай паэту з дзяцінства. Усе адценні беларускай гаворкі ён чуў ад сяброў бацькі -- Барыса Хаймовіча, былога камісара партызанскага атрада, які ў 50-тыя гады, у неспрыяльную гадзіну “барацьбы с касмапалітамі” ўладкоўваў сваіх лясных таварышаў на працу. Ідышу па малітоўніку таемна навучыла яго бабуля. Рэбэ Сакалоўскі, які прыходзіў да яе казаў, што трэба радавацца жыццю, святлу сонейка, колерам вясёлкі, спевам салоўкі, а не надта паглыбляцца ў малітву.

На 5-тым курсе медынстытута, рыхтуючыся да выпуску радыёгазеты, Фелікс набыў у кіёску зборнік Мендаля Ліфшыца. На яго здзіўленне, кніжку адкрыла і пачала бегла чытаць на ідыш яго выкладчыца Ганна Антонаўна Шаплыка, якая скончыла габрэйскую сямігодку ў мястэчку. Выпадак узбудзіў у маладога чалавека жаданне глыбей спасцігнуць мову сваіх продкаў. Вярнуўшыся дадому, ён напісаў першы верш на ідыш “Спявае маці”. У хуткім часе ён пачаў супрацоўнічаць з часопісам “Саветыш Геймланд“. Летась вышла новая кніга паэта ў Ізраілі ў Бібліятэцы сучаснай літаратуры.

Феликс Барысавіч узгадаў пра свае супрацоўніцтва з Рыгорам Барадуліным, калі для выдавецтва “Мастацкая літаратура” ён перакладаў вершы ўнікальнага паэта Рыгора Рэлеса, а Рыгор Іванавіч пераствараў яго паэмы.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк адзначыў блізкія яму матывы ў творчасці Фелікса Баторына, а сам спадар Фелікс пажартаваў, што хацеў напісаць на тыя ж тэмы, але Леанід Васільевіч гэта зрабіў першым. Галіна Каржанеўская ўзгадала, што яе сяброўства з Феліксам Баторыным доўжыцца ўжо 50 гадоў з першага літаратурнага семінара, калі яна была 9-класніцай, а ён – студэнтам медынстытута.  Алесь Разанаў падараваў юбіляру новую кніжку сваіх вершаў.

Кіраўніца літаратурнага клуба “Тхія” Алена Фруман нізка пакланілася і сардэчна падзякавала паэту і медыку ад усёй сям’і за тое, што ён вылечыў роднага ім чалавека. Гэты сціплы і самаадданы доктар зрабіў за 30 гадоў працы ў медыцыне больш трох тысяч аперацый, прымаў роды, ратаваў жыцці.

Рыгор Хайтовіч, старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі, узгадаў сумесную дзейнасць з Феліксам Баторыным, распачатую 30 гадоў таму па вывучэнні культуры, мовы і традыцый габрэйскага народа.

На вечарыне прагучалі вершы з кнігі “На вуліцы Максіма Багдановіча”, балада “Атлант”, пераклады на беларускую мову твораў Барыса Пастэрнака, Рыгора Рэлеса, матывы з нізкі вершаў куртуазнага маньерызму, творы на гістарычныя тэмы. Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў і шматлікія госці вечарыны пажадалі шаноўнаму паэту доўгага веку, моцнага здароўя і новых літаратурных здабыткаў.

 

Э. Дзвінская, фота аўтара

юбілеі, імпрэзы, ідыш, паэзія

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
«Для шчасця зямнога»
15 лютага 2018

«Для шчасця зямнога»

Чытаць далей...
153