Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

14 лютага 2018

“Я, Міхал Лявонцьевіч, — прыстойны чалавек”: успаміны пра Стральцова

14 лютага — дзень народзінаў паэта Міхася Стральцова (1937-1987). Да памятнай даты слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран зрабіў для “Мовы Нанова” падборку зацемак пра Стральцова са сваіх апублікаваных і неапублікаваных кніг.

8

 Мішачкін і Грышачкін

Міхась Стральцоў і Рыгор Барадулін былі блізкімі сябрамі і стэлефаноўваліся так часта, нібы не маглі жыць адзін без аднаго. Маленькая дачка Стральцова Алеся, калі брала слухаўку, ужо па голасе ведала, што гэта «дзядзя Грыша» тэлефануе. Яна часта так і казала: «Тата, цябе дзядзя Грыша». Зрэдчас: «Мішачкін, табе Грышачкін тэлефануе!»

Барадуліну гэта вельмі падабалася, звычайна ён смяяўся.

CNV000014

 «Эспаньёлка»

Нейкі час Барадулін і Стральцоў нават знешне падобныя былі — абодва насаценькія, у абодвух бародка-«эспаньёлка», з-за чаго выглядалі як браты. Тыя, хто ведаў іх, нават казалі: «Дзе Барадулін? Дзе Стральцоў? Зразумець не можам!» А сябрам вельмі падабалася, што іх блытаюць.

Але аднойчы жонка Стральцова Алена вяртаецца з працы, а Стральцоў — паголены.

— Што здарылася?

— Таму што ты хітрая, — адказвае ён.

— І чаму гэта я хітрая?

— Вячэраем учора з Алесяй, і яна кажа: «Тата, наша мама такая хітрая! Яна ўвесь час табе гаворыць, што ёй даспадобы твая бародка, але калі б яна была чорненькая, а не беленькая… — Слова “сівы” маленькая Алеся яшчэ не ведала. — І ты побач з ёй выглядаеш не як яе муж, а як яе тата. Ты згалі бародку, калі ласка».

У выніку Стральцоў пагаліўся. Хоць жонцы яго бародка дужа падабалася.

10

 Грышаў берэцік

Стральцоў ніколі не насіў ніякіх галаўных убораў, толькі зімой вушанку. Але аднойчы з’яўляецца ў цёмна-сінім берэціку. Жонка Алена шчыра здзіўлена, бо ведае, што сам Стральцоў не мог завітаць у краму і набыць той берэцік. Ён увогуле сам сабе нічога не купляў — гэта было жончыным абавязкам. І тут раптам — у берэце! Яна пытаецца:

— Што гэта?

— Гэта ж Грышка!.. — смяецца ён хітравата, маючы на ўвазе Рыгора Барадуліна.

— Што Грышка?

— Сустрэў мяне і кажа: «Такі холад на вуліцы, а ты ходзіш без капелюша!..» Ленка, не паверыш, але хоць ён і быў у берэце, аднак дастаў з кішэні яшчэ адзін берэт і надзеў на мяне. «Насі», — сказаў… От, Грышка мяне любіць!..

Праўда, гэты ўбор ён больш ніколі не насіў. Пакуль праз нейкі час не прыйшоў ужо ў карычневым берэце. І зноў хіхікае. Жонка пытаецца:

— Ну, а гэты адкуль?

— Таксама Грыша! Зноў з кішэні дастаў…

А потым з’явіўся і чорненькі берэцік — з такой жа гісторыяй.

6

 

Стральцоў і «Федзя»

Пачатак 1970-х. Міхась Стральцоў, вярнуўшыся ўвечары дадому, лаецца на нейкага Федзечку:

— Федзя, ты сказаў, што не паголіш бародку і не здымеш свой ваенны фрэнч, пакуль твая рэвалюцыя не пераможа. Дык вось, Федзя, я табе адразу скажу: хадзі так да канца жыцця, бо твая рэвалюцыя ніколі не пераможа!

Толькі тады жонка Стральцова Алена зразумела, пра якога «Федзю» ішла гаворка, — у той дзень у Мінск прыехаў лідар Кубы Фідэль Кастра.

 

Стральцоў і палітыка

Часам Стральцоў любіў пагаварыць, як ён жартам казаў, з разумным чалавекам, то-бок з самім сабой. Тым разам ён, размаўляючы з самім сабой, лаяўся на Брэжнева:

— Гэта ж старпёр! Памяняць яго трэба! — І пасля ў пэўнай разгубленасці: — Але на каго? Там усе такія.

Жонка Стральцова Алена любіла ў такі момант пакпіць з мужа, не стрымалася і на гэты раз:

— Дык цябе трэба паставіць!

Але Стральцоў прамовіў на поўным сур’ёзе:

— Мілая мая Ленка, гэта ж не мая епархія.

— А цябе туды і не клічуць!

— І правільна робяць, бо я, Міхал Лявонцьевіч, — прыстойны чалавек. Я лайном ніколі не займаўся.

7

 

Каламбур

1996 год. Някляеў — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Па іроніі лёсу некалі, яшчэ ў 1970-я гады, у «ЛіМ» яго не ўзялі.

— Бралі ўжо, ды я не вычытаў карэктуру, праскочыла памылка — і ў рэдакцыі праявілі прынцыповасць, — прыгадваў Някляеў.

Засмучонага, пераняў яго на калідоры Міхась Стральцоў:

— Не сумуй, — усміхнуўся, — што ў бур’яне не засеў.

Працаваць Някляеў павінен быў у аддзеле, якім загадваў Барыс Бур’ян.

 

 «Усё ўжо напісана…»

Уладзімір Някляеў прыгадваў:

«З Міхасём Стральцовым, як і з многімі іншымі славутымі ў той час паэтамі, я пазнаёміўся ў доме творчасці “Каралішчавічы”, дзе ўсе рабілі выгляд, быццам нешта пісалі, хоць пісалі там зусім нямногія — большасць прыязджала выпіць і адпачыць. Прыехаў і Стральцоў, яго пасялілі ў адным з двух самых вялікіх пакояў, што былі на першым паверсе, — якраз у адным з тых, дзе звычайна жыў Якуб Колас. Так мы апынуліся з ім разам у тым Доме творчасці. І ў той час, як большасць, выпіваючы, плявузгала абы што, мы сядалі з ім наверсе — пад карцінай, на якой было намалявана дзесяць ці дванаццаць савецкіх пісьменнікаў (Гарэцкі, Чорны, Бядуля…), і ладзілі спаборніцтва: хто напамяць дачытае верш, які прапануе яму суразмоўнік — верш ці то Купалы, ці то Багдановіча… Шчыра кажучы, я кожнага разу думаў, што, паколькі Міхась Лявонавіч быў нападпітку, дык я лёгка яго перамагу. Але ніводнага разу мне гэта не ўдалося, таму што ў Стральцова былі ўнікальныя эрудыцыя і памяць. І да таго ж — розум, на які алкаголь ніякага ўздзеяння яшчэ не зрабіў…

Так прамінуў амаль месяц. Ужо не помню, хто з маіх сяброў прыехаў, каб забраць мяне з Каралішчавічаў, на машыне. І якраз ідзе па сцяжыне Стральцоў. Кажу яму, што еду ў Мінск, і прапаную падвезці, бо ён таксама збіраўся дахаты. “Добра, — ківае ён. — Падвязі”. “Тады, — кажу, — збірайцеся…” —  і падымаюся ў свой пакой на другі паверх, каб забраць рэчы. Спускаюся ўніз — Стральцоў ужо ў машыне. Пакуль я падымаўся-спускаўся, прайшло хвіліны паўтары — ён не мог так хутка сабрацца. Сядзіць. Маўчыць. У лес глядзіць. “Задумаўся пра нешта чалавек?” — вырашыў я і, сеўшы ў машыну, стаў чакаць, пакуль ён выйдзе з задумення. Чакаю пяць, дзесяць хвілін… пятнаццаць… Нарэшце ён пытае:

— А чаго стаім?

— Вас, Міхась Лявонавіч, чакаем.

— Дык я тут.

— Але ж не сабраліся…

— Я сабраўся, — кажа Стральцоў і дастае зубную шчотку і расчоску — усё сваё, што ён насіў з сабой.

— Чакайце… — разгубіўся я. — Ну, добра, няма ў вас адзежы, абутку, але тое, што вы тут напісалі, дзе яно?

— А чаму ты вырашыў, што я тут нешта напісаў?

— Усе сюды прыязджаюць, каб нешта напісаць…

— Тады, — кажа, — ты не зусім зразумеў, што ў нас тут адбывалася.

— А што, — пытаю, — адбывалася?

— А тое… Я для чаго з табой начамі не спаў, вершы геніяльных паэтаў чытаў — беларускіх, рускіх, французскіх? Каб паказаць табе, што ўсё ўжо напісана — не намагайся. Вазьмі з сабой зубную шчотку, расчоску, хадзі, дыхай свежым паветрам і чытай вершы, лепшыя за якія мы з табой наўрад ці напішам».

DSCN3023

 

Сяргей Шапран, "Мова Нанова" 

Стральцоўскі фэст, Міхась Стральцоў, нон-фікшн, памяць

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
«Для шчасця зямнога»
15 лютага 2018

«Для шчасця зямнога»

Чытаць далей...
95