Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

14 лютага 2018

Мсціўцы: каманда будучыні

Мсціўцы: каманда будучыні

Быў бы ў нас магутны кінапрадакшн!.. Запусцілі б пад такой назвай серыю фільмаў паводле кнігі Аліны Длатоўскай “Ген зямлі”. Шасцёрка герояў, сярод якіх маецца ўнушальны (ва ўсіх сэнсах) лідар, рудая красуня, сціплая мышка, паўстанец, ціхоня і здраднік. У кожнага – суперздольнасць. Падпольная каманда змагаецца з арганізацыяй-антаганістам “С.О.Н.” Асабістыя комплексы герояў, каханне, псіхалагічныя гульні… Усё, што трэба для яркай карцінкі. Піша Наста Грышчук.

Але пакуль маем толькі кнігу.

З чаго пачаць, як той казаў? “Пачну з Радзімы”. Гэты самы шлях абрала Аліна Длатоўская.

І тут ёй удалася рэч неверагодная: выкарыстаўшы алгарытм Сыса, яна ўсё ж пазбегла нацыянальна-трагічнага пафасу.

Дзея адбываецца ў будучыні. Судзячы па тым, што гурт “One Direction” яшчэ існуе, будучыня недалёкая. Перад намі антыўтопія лакальнага маштабу: Беларусі як дзяржавы няма. Затое ёсць Еўрапейска-Расійскае аб’яднанне Рэспублік. Так сабе дэжавю, вядома. У злоснай імперыі ніхто не цырымоніцца нават для прыліку: архітэктурныя помнікі зносяць пад нуль, беларуская мова па-за законам, натуральна, літаратура і музыка беларусаў – таксама. Хто гаворыць па-беларуску – нацыст. Альбо хворы, вычварэнец.

Сумна, асабліва калі прызнаць, што не такая ўжо фантастычная карцінка.

Аповесць Аліны Длатоўскай працягвае шэраг твораў падобнай скіраванасці: “Мова” Віктара Марціновіча, “Дзень святога Патрыка” Ганны Севярынец; дзеля справядлівасці згадаем фантасмагорыю Паўла Севярынца пад дзікай назвай “Беларусалім. Золак”.

“Ген зямлі” сабраў пытанні, якія ўздымаліся паасобку. Мова і яе жыццяздольнасць, стаўленне да яе ўладаў; гістарычная спадчына і яе захаванне/зруйнаванне; уплыў музыкі на самасвядомасць беларусаў; увогуле – разуменне нацыі, нацыянальнай дзяржавы.

Гэта ўжо сімптаматычна: аўтары розных “вагавых катэгорый” мастацтва, розных поглядаў, пакаленняў прапрацоўваюць у мастацкай рэальнасці найгоршы сцэнар. Згадваюцца словы Рыгора Барадуліна: “…Паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, — можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя”.

Як з хворым зубам: пастаянны тупы боль невыносны. Даводзіш яго да вышэйшай кропкі, каб пасля адчуць палёгку.

Антыўтопія – жанр аднолькава цяжкі і спакушальны. Спакушальны, бо на кантрастах вельмі проста, на першы погляд, пабудаваць драму, паказытаць чытачу нервы, стаць такім сабе змрочным прарокам…

Цяжкі – бо ўсе спакусы зманлівыя. Чым мацнейшы ў творы кантраст, тым прасцей сарвацца на банальнасць. А калі твор грунтуецца на нацыянальным пытанні (самая папулярная ў нас тэма), рызыка памнажаецца ўдвая. Адзін супраць усіх – клішэ. Незразуметы герой – клішэ. Занядбаная наша мова – клішэ з вялікай літары. Што новага можна сказаць?..

Аліна Длатоўская юная і адчайная. Яна сабрала ўсе магчымыя клішэ, звяла беларускі культурніцкі дыскурс у кампактны фармат, зміксавала, прыправіла міжасабовымі стасункамі герояў – і атрымала дынамічную аповесць. Галоўнае – яе можна чытаць. Не таму, што трэба, і не таму, што “пра Беларусь!”. Напісана добра. Для дэбютанта Аліна Длатоўская паказала выдатную сюжэтабудову. Ні правіслых дыялогаў, ні самакапанняў памерам у прасціну. Чытачу пакідаецца прастора для развагаў за кошт кропкавых “удараў”. У гэтым вялікая перавага празаіка – умець паказаць, а не апісваць доўга і шматслоўна.

Сучбелліт багацее на маладых аўтараў, якія не прэтэндуюць на элітарнасць. Не скачуць вышэй за галаву, не напускаюць туману, каб падавацца загадкавымі і глыбакадумнымі. У іх ёсць гісторыя, і гэтую гісторыю яны распавядаюць. Нічога больш (фармальна, прынамсі). Урэшце спраўджваецца доўгачаканае: фармуецца пласт масавай літаратуры. Запаўняецца ніша, якая мае (патэнцыйна) найбольшую чытацкую аўдыторыю. Гэта значыць, што беларуская літаратура выходзіць за межы закрытай тусоўкі. Напэўна.

“Радзіва Прудок” займела шалёны поспех, бо там “простыя словы, простыя рэчы” з тэгам #вёска. “Ген зямлі” таксама пабудаваны на прынцыпе пазнавальнасці, толькі тэг іншы. Тут мы сустракаем Купалу, Караткевіча, Вітаўта, Дуніна-Марцінкевіча, Каліноўскага, Ластоўскага. Гучаць кодавыя лічбы “1942” і “1937”. Галоўныя героі маюць прозвішчы, якія таксама запускаюць механізм пазнавання: Савіцкі, Пашкевіч, Арлоў, Станкевіч, Скурко, Луцкевіч. Толькі галоўны злодзей Эдуард Львовіч прозвішча не мае – што паказальна.

Дзеянні адбываюцца ў лакацыях, якія маюць сваю гісторыю па-за межамі аповесці, і гісторыі іх аўтаматычна ўплятаюцца ў твор – іх прыўносіць памяць чытача: Каложа, Мірскі замак, Сафія… Назва падпольнай групы – “Лабірынт” – наўпроставая спасылка на Ластоўскага з яго крывіцкай канцэпцыяй.

У такім багацці фактаў, назваў, увогуле – ведаў па гісторыі і мастацтве Беларусі згубіцца лёгка. Аліна Длатоўская валодае пачуццём меры, надзвычай важным для празаіка (асабліва калі ён працуе з гістарычным матэрыялам). Па выніку аповесць насычаная тым самым “генам зямлі”, але не перагружаная факталогіяй. Іншым разам аўтарцы дапамагае гумар – вы ўбачыце гэта ў сцэне з прывідам Каліноўскага. Альбо ў згадцы Астравецкай АЭС.

Ёсць спрэчныя моманты. Напрыклад, у разважаннях пра тое, што беларусы ходзяць каля сваіх гістарычных помнікаў (той жа Сафіі) і не заўважаюць іх. Але ці валіцца ў непрытомнасці італьянец, пабачыўшы калізей? Сумніўна. Гэта не абыякавасць – гэта адэкватныя паводзіны. Урэшце рэшт, без калізея італьянец застанецца італьянцам. Ці не таму беларусы такія фетышысты, што баяцца знікнуць без рэчыўных доказаў сябе?..

Незразумелы фінал аповесці. З аднаго боку – адкрыты (намёк на працяг?). З іншага – проста абарваны.

Нашая аўтарка не зацыкліваецца на нацыянальным. Яе цікавяць магчымасці чалавечага мозгу (суперздольнасці герояў даюць глебу для разважанняў), разуменне адказнасці за сябе і за іншых. Дабро і зло, у рэшце рэшт.

Вельмі значны момант агучаны ў раздзеле, дзе Даніла пераносіцца ў 14 студзеня 1906 года – дзень, калі Пуліхаў і Ізмайловіч здзейснілі замах на губернатара Курлова. Чаму адных называюць героямі, а іншых – тэрарыстамі? Чаму на адных моляцца, іншых – забываюць зусім? Мы не можам памятаць выбарча, кажа гераіня. Бо йначай нічым не адрозніваемся ад той жа сістэмы “С.О.Н.”, якая вынішчае непатрэбныя ёй сведчанні.

Гэта сапраўды значная думка. На жаль, публічна яна гучыць не так часта. “Ружовы туман” – ён, ведаеце, неўміручы.

Аліна Длатоўская выкарыстоўвае хітры і зручны прыём, калі выказванні герояў фармальна належаць будучыні (ці мінуламу, як у Караткевіча ці Рублеўскай), але чытач выдатна разумее: размова ідзе пра сучаснасць. Разумее і ціха пасміхаецца здагадкам. Чытач-змоўнік, чытач-саўдзельнік.

Пагадзіцеся, гэта цікавей, чымся быць аб’ектам маралізатарства. Альбо камізэлькай, у якую горка плачуцца пра долю Беларусі.

 

Наста Грышчук, для lit-bel.org

крытыка, Пункт адліку

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова
18 лютага 2018

«Пішуць, бо не маюць парабелума»: паэты-лаўрэаты сабраліся на фэсце Стральцова

Чытаць далей...
Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)
17 лютага 2018

Дзве прэміі на сёмым Стральцоўскім фэсце (+ФОТА)

Чытаць далей...
«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»
16 лютага 2018

«Галоўная задача жанчыны – прыносіць у свет шчасце і радасць»

Чытаць далей...
«Для шчасця зямнога»
15 лютага 2018

«Для шчасця зямнога»

Чытаць далей...
157