Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

31 жніўня 2017

Тры колеры жыцця і смерці

Тры колеры жыцця і смерці

«Сваякі», графічны раман па аднайменным творы Васіля Быкава, выпускаўся адмыслова да Дня нараджэння пісьменніка. Але й без гэтай нагоды варта было чакаць падобнае выданне: Васіль Быкаў надзвычай графічны (прынамсі, як на мяне). Піша Наста Грышчук.

Калі ўявіць раскадроўку хоць якога твора Быкава, прыкладам, “Знака бяды”, ці “Жоўтага пясочка”,  які б ні згадаўся, -- вы ўбачыце цэнтральны прадмет, зазвычай сімвалічны, убачыце выразныя, быццам бы грубыя, але тым і дакладныя, рысы – твару, пейзажа, нацюрморта. Напрошваецца здагадка, што на манеру пісьма паўплываў той факт, што Быкаў меў мастацкую, хоць і незавершаную, адукацыю, а што найважней – талент графіка. Мяркуецца, што й сам ён найперш бачыў сцэну, а пасля ўжо апісваў яе. Адсюль дакладнасць, якая так уражвае, робіць тэксты Быкава сугестыўнымі, а ў спалучэнні з тэмай – гнятлівымі (не ў сэнсе заганы, вядома).

Ілюстрацыі да “Сваякоў” зрабіў Ян Жвірбля. Зрэшты, гэта кепская фармулёўка. Лепей сказаць (дый справядлівей) – намаляваў пісьмо. Перавёў твор з аднае мастацкай мовы ў іншую. Была вялікая рызыка, што атрымаецца альбо набор ілюстрацый да тэксту, а не цэласны твор, альбо нешта зусім старонняе, па матывах. Ян Жвірбля да гэтага быў вядомы, калі вы цікавіцеся графікай ці кніжнай ілюстрацыяй, работамі ў пэўным сэнсе жорсткімі. Напрыклад, у дзіцячых кнігах вы маглі бачыць персанажаў гратэскных, і калі яны мелі характар негатыўны, дык выклікалі непрыязнасць з першага погляду. У пэўным сэнсе гэтыя дзіцячыя ілюстрацыі насілі недзіцячы характар. Яны неслі ў сабе больш, чым звычайнае графічнае адлюстраванне персанажа. Мне як аднаму з чытачоў бачыцца выбар мастака надзвычай удалым. Хоць паглядзець іншыя мастацкія рашэнні датычна тых жа “Сваякоў” было б надзвычай цікава.

Галоўная заслуга Жвірблі перад тэкстам-арыгіналам – здольнасць адчуць суразмернасць чалавека і лёсу, драмы людзей і вялікай неабсяжнасці, безуважнасці прыроды. Безвыходныя сітуацыі, у якіх апынаюцца героі Быкава, таму й уражваюць так моцна, што на фоне заўжды бачныя поле, лясы, шырокае-шырокае неба… І ўсё гэта будзе існаваць без персанажа, усё застанецца на сваім месцы нават тады, калі чалавецтва зусім не стане. Як тут не згадаць, што Быкава называюць экзістэнцыялістам.

Першая ж старонка – нямая: на ёй ні слова, ні чалавека, толькі прызнак прысутнасці – дом (зноў жа, сімвалізм, калі хочаце). Аблокі плывуць, куды ім трэба. Дрэва расце. Зямля цямнее і чакае новай пары. Тут чалавеку няма месца. Адчуванне прасторы пераходзіць у трывожны стан пустаты. Псіхалагічны настрой падкрэсліваецца колерам: белым, чорным, зялёным. Прычым зялёны можна лічыць як балотным (колер ненажэрнай твані й безвыходнасці), так і вайсковым, пад колер заношанага шыняля. Вайна запоўніла ўсю прастору існавання чалавека.

Вайна (то бок, той самы брудна-зялёны) выступае фонам дыялогаў і пачуццяў герояў – сыноў і маці. Пераходзячы ад фону да героя, выключна важна сказаць колькі слоў пра эмоцыю. Як доўга працаваў мастак над героямі, мне невядома, але вынік заслугоўвае высокай ацэнкі. Асабліва – вочы. Нават прыбраўшы словы (дакладныя цытаты з Быкава, дарэчы), вы без цяжкасцяў зразумееце, што між героямі адбываецца і што адбываецца ў самім героі.

Вочы і рукі, колеравы мінімалізм.

Пры гэтым разумееш: размеркаванне “колеравых плямаў” на старонках рамана найперш залежала ад законаў гармоніі, кампазіцыі (ці як гэта ў мастакоў называецца?..). Але й пры тым дыялогі на дзіва дакладна супадаюць з фонам фрагмента. Так, гнеў паліцая не толькі ў яго вачох, але ў цемры за плячыма. Спадзяванне і наіўнасць прыглушаюць зялёны бляск у вачах маці, акаляюць яе святлом, якое насамрэч – усяго толькі чысты ліст. Знакавыя рухі, крокі адзначаюцца буйным планам. А пераломны момант – чырвоным, колерам смерці. Прычым чырвань гэтая мае градацыі: густыя крывавыя наплывы, пырскі, два штрыхі, якія на кантрасце з асноўным шэра-зялёным выглядаюць да болю ярка, чытай – жудасна, як і мусіць быць.

А ведаеце, які апошні “кадр” рамана?..

Спакойная, ціхая вёска.

А можа – пустая і мёртвая.

Мяркую, якраз гэта – красамоўная мова мастацтва, яе вербальныя здольнасці, калі можна так сказаць, -- і робяць твор Яна Жвірблі менавіта графічным раманам, а не коміксам паводле тэксту Быкава. Работы ягоныя можна было б папікнуць змрочнасцю, але кароткі часавы прамежак вымагаў экспрэсіі, нагнятання сітуацыі адпачатку, і мне тут усё падаецца дарэчным.

Дый што, як не суперажыванне, робіць літаратурны твор жывым? Школьнікаў цікавіць не пабудова грэблі, але трохкутнік Ганна-Васіль-Яўхім. Новае, экспрэсіўнае аблічча “Сваякоў” як бы канцэнтруе ў сабе ўсе пачуцці, змешчаныя ў тэкставым арыгінале. А Быкаў не тое каб дужа эмацыйны. Таму найбольшы патэнцыял графічнага рамана бачыцца мне ў школах. Замест падручніка па нудным белліце варта напачатку паказаць “Сваякоў” Жвірблі.

І вядома, гэтае нешараговае выданне папоўніць зборы бібліяфілаў.

 

Наста Грышчук, для lit-bel.org

даследаванні, крытыка, кнігі

Каментары

Афiша

25 лістапада
Прэзентацыя кнігі «Фіндус з’язджае»
Запрашаем у Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя Астроўскага (пр. Газеты “Праўда”, 20А, ст. м. Пятроўшчына).
25 лістапада
«Кніжная Шафа» ўпершыню прадстаўляе выставу малюнкаў
Паказ пройдзе з 24 кастрычніка (адкрыццё) па 25 лістапада ў Мінску.
27 лістапада
Уручэнне прэміі Карласа Шэрмана
У Press Club Belarus (Веры Харужай, 3).
29 лістапада
«Пад вольным небам» Тумаса Транстромера ў Магілёве
У грамадскім цэнтры «Кола» (завулак Чкалава, 16).
Наш канал на YouTube

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Пад вольным небам» Тумаса Транстромера ў Магілёве
24 лістапада 2017

«Пад вольным небам» Тумаса Транстромера ў Магілёве

Чытаць далей...
«Бліскавіцы»: Анталогія беларускай жаночай паэзіі 1920-30-х (АЎДЫЯ, ФОТА)
24 лістапада 2017

«Бліскавіцы»: Анталогія беларускай жаночай паэзіі 1920-30-х (АЎДЫЯ, ФОТА)

Чытаць далей...
«Літаратура – яна мая: беларускія пісьменніцы ХХ–ХХІ ст.» (АЎДЫЯ, ФОТА)
24 лістапада 2017

«Літаратура – яна мая: беларускія пісьменніцы ХХ–ХХІ ст.» (АЎДЫЯ, ФОТА)

Чытаць далей...
Уведалі нашых: у Мінску сустрэліся літаратары з усіх рэгіёнаў Беларусі
23 лістапада 2017

Уведалі нашых: у Мінску сустрэліся літаратары з усіх рэгіёнаў Беларусі

Чытаць далей...
373