Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

07 студзеня 2018

Вынікі года ад Андрэя Хадановіча: перакладная проза

Перакладной прозы за мінулы год у нас выйшла столькі, што і літаратурныя крытыкі звярнулі ўвагу, і некаторыя арыгінальныя празаікі спалохаліся: а ці такія яны ўжо арыгінальныя, каб вытрымаць гэту канкурэнцыю.

Як і ў нядаўнім аглядзе перакладной паэзіі, атрымалася 18 пазіцый, прычым адно з месцаў дзеляць адразу 4 кніжкі, так што ўсяго – 21 пераклад. Толькі гэтым разам досыць грувастка было б змешваць у адно ўсе жанры і эпохі, так што рэйтынг падзелены на тры рубрыкі – для класікі, для сучаснай літаратуры і для дзіцячых аўтараў. (Кен Кізі трапіў да “сучаснікаў” – відаць, таму, што ўкладальнік чытаў “Палёт над гняздом зязюлі” і глядзеў фільм Формана, яшчэ калі аўтар быў жывы.)

 

І. Сусветная класіка:

1. Артур Конан Дойл. Знак чатырох. Аповесці. Пераклалі з ангельскай Кацярына Маціеўская і Ганна Янкута. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Лаўлю сябе на думцы, што чакаю кожнага беларускага перакладу сэра Артура Конана Дойла ніяк не менш, чым новых сезонаў ВВСшнага серыялу. І вось, пасля “Прыгодаў Шэрлака Холмса” і “Нататак пра Шэрлака Холмса”, летась з’явіўся трэці том, куды ўвайшлі дзве знакамітыя аповесці, “Эцюд у пунсовым” і “Знак чатырох”. Уласна кажучы, з гэтай кнігі можна было б і пачынаць, бо менавіта ў ёй вы прачытаеце пра першую сустрэчу Шэрлака са сваім блогерам… даруйце, летапісцам Джонам Ўотсанам, а таксама ўпершыню пазнаёміцеся са славутым дэдуктыўным метадам:

– …Назіранне – мая другая натура. Вы, здаецца, здзівіліся, калі пры першай сустрэчы я адзначыў, што вы толькі з Афганістана.

– Дык вам, мабыць, нехта сказаў.

– А вось і не! Я ведаў, што вы толькі з Афганістана. Праз даўно выпрацаваную звычку думкі прамільгнулі ў мяне ў галаве так хутка, што я прыйшоў да высновы, не асэнсаваўшы прамежкавых крокаў, але вось яны, калі ласка. “З выгляду гэты джэнтльмен медык, але з армейскай выпраўкай – відавочна, ваенны доктар. Толькі прыехаў з тропікаў, бо твар цёмны, але гэта не ўласны колер яго скуры, бо запясці светлыя. Перанёс нягоды і хваробу, пра што сведчыць змарнелы твар. Паранены ў левую руку, бо рухі ёй абмежаваныя і ненатуральныя. Дзе ў тропіках ангельскі ваенны доктар мог зазнаць нягоды і атрымаць раненне рукі? Безумоўна, у Афганістане”. Усе гэтыя развагі занялі ў мяне якую секунду. Я і сказаў, што вы з Афганістана, чым вас, здаецца, уразіў.

– Пасля тлумачэння гэта выглядае даволі простым, – усміхнуўся я. – Вы нагадваеце мне Дзюпэна, героя Эдгара По. Але я не падазраваў, што такі чалавек можа існаваць у рэальнасці.

Шэрлак Холмс устаў, закурваючы люльку.

– Вы, без сумневу, думаеце, што зрабілі мне камплімент, параўнаўшы з Дзюпэнам. Дык вось, як на мяне, Дзюпэн – пасрэднасць” (пераклала Кацярына Маціеўская).

Імя першага літаратурнага дэтэктыва – Агюста Дзюпэна з “лагічных аповедаў” Эдгара По – дарэчнае тут не толькі таму, што аўтар, у спецыфічнай манеры, аддае належнае свайму папярэдніку, але яшчэ й таму, што менавіта з тома По “Маска Чырвонае Смерці” пачалася Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет”, якую паспяхова папаўняюць не толькі кнігі пра Холмса, але й іншыя дэтэктыўныя апавяданні, містычныя й святочныя апавяданні (з “Калядным харалам” Чарлза Дыкенса на чале), том Лаўкрафта, што таксама трапіў у гэты рэйтынг. Ну, і чакаем “Сабакі Баскервіляў” ды іншай халмсіяны.

 

2. Кнут Гамсун. Голад. Збор твораў. Пераклалі з нарвежскай Лявон Баршчэўскі і Лідыя Ёхансэн. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Першы том у амбітнай кніжнай серыі нобелеўскіх лаўрэатаў па-беларуску “Noblesse Oblige”, якая чытачам на радасць пачала з’яўляцца ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча. (Другая пазіцыя ў серыі – “Каханне падчас халеры” Маркеса ў перакладзе Карласа Шэрмана; неўзабаве мусяць з’явіцца Архан Памук і Рамэн Гары.) У зборнік знакамітага нарвежца ўвайшлі тры раманы, “Голад”, “Пан” і “Вікторыя”, плюс яго нобелеўская прамова. Вельмі сімпатычна глядзіцца па-беларуску тытульны раман, пераствораны Лявонам Баршчэўскім.

Цяпер я быў такі галодны, што ў мяне кішкі пачыналі маршы граць, пры гэтым мне не даводзілася і спадзявацца, што сёння я здабуду хоць крыху якой ежы. І чым даўжэй я знаходзіўся ў гэтым стане, тым больш я адчуваў сябе вычарпаным і духоўна, і фізічна; усё гэта мацней і мацней схіляла мяне да не надта годных учынкаў. Я хлусіў не міргнуўшы вокам, я не выплаціў беднай жанчыне належнай сумы за кватэру, мне нават прыйшла ў галаву паскудная думка скрасці чужую коўдру – і ў мяне не было аніякага раскаяння, ані каліва сораму. Я пачаў раскладацца знутры, ува мне разрасталася нейкая чорная цвіль. А там, на нябёсах, сядзеў Госпад і не спускаў з мяне вачэй, ён сачыў, каб мая пагібель адбылася паводле ўсіх правілаў – павольна, паступова і няўхільна. Але ў пекле мітусіліся зласлівыя д’яблы: яны проста шалелі ад нецярплівасці, бо я так доўга не здзяйсняў смяротнага граху, за які Бог па справядлівасці зрынуў бы мяне ў пекла…”

Гамсунаўскага героя можна было б назваць гарадскім вар’ятам, каб не трапнасць дыягназаў, які ён дае мімаходам свайму грамадству і ўсяму беламу свету. (А можа, уласна для гэтага і існуюць гарадскія вар’яты?) Можна б назваць маладым геніем-мадэрністам, які не ўпісваецца ў занадта прагматычную для яго косную сістэму. Можна – проста няшчаснай істотай, даведзенай да адчаю голадам. Можна было б пахваліць Гамсуна за стылістычнае майстэрства і талент пераўвасаблення – трэба ж, так адчуць і выразіць словамі стан свайго героя! Каб не адно “але”, што аж кідаецца ў вочы пры канцы зборніка. Выказваючы падзяку шведскай каралеўскай акадэміі ў сваёй нобелеўскай прамове, пажылы пісьменнік робіць гэта амаль тымі ж словамі, што і яго колішні персанаж.

 

3. Готфрыд Аўгуст БюргерРудольф Эрых Распэ. Прыгоды барона Мюнхгаўзэна. Пераклаў з нямецкай Ігар Крэбс. Мн., “Кнігазбор”.

Другая сур’ёзная перакладчыцкая праца Ігара Крэбса (першая – вершы Генрыха Гайнэ), вартая пахвалы. Сёй-той здзівіцца, убачыўшы на вокладцы імёны двух аўтараў. Памылкі няма, Распэ не пісаў нямецкага тэксту, і перакладчык аднаўляе справядлівасць. Хтосьці яшчэ мацней здзівіцца, убачыўшы “Мюнхгаўзэна” сярод дарослых перакладных кніг. Зноў ніякай памылкі, бо мы найчасцей чыталі толькі адаптацыю, а славуты барон апавядаў пра свае прыгоды далёка “не па-дзіцячы”, узяць хаця б такі  фрагмент:

“Што вы скажаце, напрыклад, пра такі казус? Аднойчы ў польскім лесе ў мяне скончыўся порах, якраз калі згасла дзённае святло. Я вяртаўся дадому, і тут на мяне напаў неймаверна пачварны мядзведзь з разяўленай пашчай. Ён быў гатовы праглынуць мяне цалкам. Дарма я похапкам шнарыў па кішэнях у пошуках пораху і куль. Я не знайшоў нічога, апроч двух крэменяў, якія звычайна бяруць з сабой пра запас. З усяе моцы я шпурнуў адзін з іх у разяўленую пашчу пачвары, у самую глыб ягонай глоткі. Мядзведзю гэта прыйшлося не надта даспадобы, і таму ён выканаў “цераз левае плячо кругом марш”, так што я змог зрабіць другі кідок у заднюю браму. Усё атрымалася цудоўна і ўдала! Другі крэмень не толькі ўляцеў туды, але і сутыкнуўся з першым, выкрасіў агонь, ад чаго мядзведзь аглушальна выбухнуў”.

 

4. Говард Філіпс Лаўкрафт. Кліч Ктулху. Пераклалі з ангельскай Уладзіслава ГурыновічПавел Донаў і Алесь Кудраўцаў. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Калі б прыведзеную вышэй гісторыю ўзяўся апавядаць Г. Ф. Лаўкрафт, мы не пасмейваліся б так дабрадушна, як з “Мюнхгаўзэна”. Мы б доўга не маглі заснуць ад жаху, а заснуўшы – прачыналіся б у халодным поце. Мы не змаглі б выгнаць вусцішную гісторыю з памяці і, можа быць, урэшце стварылі б новы містычны культ разарванага-праз-задніцу-мядзведзя. Бо ўпершыню па-беларуску з’явілася кніга цёмнага лорда трымцення, вынаходніка неймавернага й рацыяналізатара ірацыянальнага, майстра прыгодаў з кепскім фіналам, які задоўга да Бёрджэса ведаў, што “horror-show” і “хорошо” вымаўляюцца аднолькава:

З карціны на мяне глядзела ўвасабленне бязмежнага і безназоўнага блюзнерства – чырванавокая пачвара, якая трымала ў касцістых кіпцюрах тое, што было калісьці чалавекам, і грызла яго галаву, рыхтык як дзіця грызе лядзяш. Ва ўсёй яе паставе, неяк агідна прыгорбленай, адчувалася гатоўнасць у любы момант кінуць здабычу і рушыць на пошукі смачнейшага кавалачка. Але чорт вазьмі, нават не гэтая жудасная сцэна зрынула мяне ў вір панікі і жаху, не гэтая істота з сабачым тварам, завостранымі вушамі, чырвонымі вачыма, пляскатым носам і слінявай пашчай, не яе лускаватыя кіпцюры, брыдкая, быццам заплеснелая скура і ступні ног, падобныя да капытоў, – хаця аднаго гэтага было б дастаткова, каб давесці ўражлівага чалавека да вар’яцтва.

Тэхніка, Эліят, яго праклятая, бязбожная, нечуваная тэхніка! Яшчэ ніколі раней не бачыў я палотнаў, выява на якіх здавалася б нагэтулькі жывой. Пачвара была тут, яна глядзела на мяне і шчэрылася, шчэрылася і глядзела, і я ўсведамляў, што нават пры поўным ігнараванні ўсіх законаў прыроды чалавек не здольны так адлюстраваць выдуманы вобраз, не маючы натуршчыка, не пабачыўшы на свае вочы карціны пекла, угледзець якія просты смяротны можа толькі прадаўшы душу д’яблу” (“Натуршчык Пікмана”, пераклала Уладзіслава Гурыновіч).

 

5. Баляслаў Прус. Лялька. Пераклалі з польскай Галіна Жарко і Мікалай Хаўстовіч. Мн., выдавец Уладзімір Сіўчыкаў.

“Лялька” – шэдэўр польскага пазітывізму і ўвогуле адзін з галоўных раманаў у літаратуры Польшчы. Перад тым як выйсці пад кніжнай вокладкай, з працягам друкаваўся ў газеце “Штодзённы кур’ер”, што дало падставу беларускаму выдаўцу цікава звярстаць кнігу як раман-фельетон.

Кажуць, аўтар баяўся вышыні – і гэта нават знайшло адлюстраванне ў яго помніку на Кракаўскім прадмесці: без высокага цокаля й лішняга пафасу, сумны, задуменны, чалавечны. Вышынь раманіст, зрэшты, дасягнуў. Як фокуснік-ілюзіяніст, ён здолеў стварыць літаратурны партрэт Варшавы ХІХ стагоддзя, цалкам сцёршы з яго ўсякі след прысутнасці Расійскай імперыі. Вядома ж, выйшла нашмат лепей ад арыгіналу.

А яшчэ верыў у высокае каханне і стварыў у рамане вобраз ідэаліста, здольнага ўсім дзеля яго ахвяраваць. Больш за тое, стварыў героя-ідэаліста з камерсанта, бо ўсур’ёз спадзяваўся на бізнесмена-інтэлектуала як выратаванне краіны і заклікаў арыстакратаў узяцца за гандаль. Пакуль не позна. Пакуль усё не прыбралі да рук габрэі. У 1889 годзе напісаў: “Прашу, каб мяне не называлі антысемітам, пакуль я сам не назаву сябе такім”. Як скажаце, пане літаратар.

У густых хмарах цыгарнага дыму, навісаючы над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтага квартала ішлі ў заклад; адны спрачаліся пра перамогу або паразу Англіі, іншыя – пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка, іншыя – авантурнікам Вакульскага; адны крытыкавалі дзеянні прэзідэнта Мак-Магона, іншыя сцвярджалі, што Вакульскі скончаны вар’ят, калі не што горшае…

– Бо жабраком і банкрутам, – казаў пан Дэклеўскі, – скончыць урэшце чалавек, які не пільнуецца аднае справы і не здольны шанаваць дарункі ласкавае фартуны.

А радца Вянгровіч пасля кожнай гэткай жа глыбакадумнай сентэнцыі свайго прыяцеля дадаваў:

– Вар’ят! Вар’ят!.. Авантурнік!.. Юзік, нясі яшчэ піва. Якая гэта бутэлька?

– Шостая, пане радца. Служу маланкаю!.. – адказваў Юзік.

– Ужо шостая?.. Як час ляціць!.. Вар’ят! Вар’ят!.. – мармытаў радца Вянгровіч…

Прычыны бедстваў, якія мусілі абрынуцца на Вакульскага /…/, былі ў неспакойным характары, у авантурным жыцці, зрэшты, у апошнім учынку чалавека, які /…/ добраахвотна адрокся ад рэстарацыі, краму пакінуў на волю лёсу, а сам, з усёю гатоўкаю, якую атрымаў у спадчыну пасля смерці жонкі, падаўся на турэцкую вайну зарабляць капітал.

– А можа, і заробіць… Вайсковыя пастаўкі – справа прыбытковая…

– Вар’ят! Вар’ят!.. – прамармытаў радца. – Падай жа, Юзік, піва. Якая гэта?..

– Сёмая бутэлечка, пане радца. Служу маланкаю.

– Ужо сёмая?.. Як час ляціць, як час ляціць…”

 

6. Фларыян Чарнышэвіч. Надбярэзінцы: раман у трох частках, заснаваны на рэаль­ных падзеях. Пераклалі з польскай Кацярына Маціеў­скаяАлена ПятровічМарына ШодаГанна Янкута, Марыя Мартысевіч (пераклад вершаў, агульнае рэдагаванне). Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

 

Усе папярэднія пазіцыі былі пра далёкую ці блізкую нам, але адназначна замежную літаратуру. Тут усё трохі іначай. Можна называць Ф. Чарнышэвіча аргентынцам, можна палякам, але паходзіў ён з нашых земляў, нарадзіўся ў Бабруйску і апісваў мясцовую засцянковую шляхту. Будучы пісьменнік удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне 1920 г., пасля Рыжскага міру перабраўся ў Вільню, а праз чатыры гады эміграваў у Аргентыну, дзе пражыў рэшту жыцця. Раман “Надбярэзінцы” выйшаў у 1942 годзе і спачатку не звярнуў на сябе ўвагі. Але ў 50-я польскія інтэлектуалы адкрываюць яго і прыхільна адгукаюцца на кнігу. Варта згадаць цёплыя словы Чэслава Мілаша, які паставіў раман у адзін шэраг з “Панам Тадэвушам” Міцкевіча і “Патопам” Сянкевіча. Колькі ў такіх ацэнках праўды, а колькі паблажлівых кампліментаў? Разбірайцеся самі, кніга даступная.

Пушча віравала. Як бурнае мора, як зацятая бітва. Як Грунвальдская бітва, як пагром туркаў пад Венай. Наколькі кінуць вокам вакол скакалі незлічоныя атрады, мяняючыся колерам і формай, яны сустракаліся, кідаліся адно аднаму ў абдымкі і адны з іх пасля кароткага канвульсіўнага ўдару разбіваліся на дробныя ніткі, расплываліся, гаслі; іншыя, ператварыўшыся ў вір, разам рытмічна ішлі далей… Уся гэтая ваяўнічая пагоня няспынна грала сімфонію розных шумаў, свісту, выцця, рыкання, грымела гукам паваленых дрэваў, падкідала ў паветра хмары лістоты і аблокі пылу. Сапраўдная бітва.

Косцік, палаючы ад натхнення, пару хвілін аглядаўся, потым уперыў погляд у бок, куды вятры гналі атрады, і пачаў прамаўляць хвалебны гімн…

– Пушча святая! – крычаў ён. – Біблія найсапраўднейшая! Райскі сад! Камора незлічоных дароў і багаццяў! Скрыня таямніц і чарадзейскіх лекаў! Прытульная маці! Ты рысункам пагоркаў, далін, поймаў і курганоў, некранутаю глебай, першабытнымі раслінамі пішаш найсапраўднейшую гісторыю гэтай зямлі ад пачатку свету! Ты пладамі сваімі сілкуеш, а лыкам абуваеш тысячы бедных людзей. Ты лекуеш іх моцай зёлак сваіх. Ты стрымліваеш халодныя вятры, а ценем тваім і вільгаццю спёку астужаеш. Слабых і пакрыўджаных ты хаваеш ад рук пераследнікаў сільных. Ты затуляеш ад нежаданага вока і вуха мілосныя прызнанні каханкаў, іх пацалункі, абдымкі і не здрадзіш іх таямніцы. Ты сваёй свежасцю, пахам, песняй прыроды суцішаеш боль, загойваеш раны, дорыш салодкі адпачынак, ліеш шырокай плынню здароўе і раскошу. Радзільніца мая! Калыска мая! Нянька клапатлівая! Надзея майго сэрца!” (пераклала Марына Шода).

 

 

ІІ. Сучасная літаратура:

 

1. Кен Кізі. Палёт над гняздом зязюлі. Пераклаў з ангельскай Аляксей Знаткевіч. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Раман “Палёт над гняздом зязюлі” – флагман кніжкай серыі “Амерыканка”, якая ўключае ў сябе беларускія пераклады знакамітых раманаў Паўночнай Амерыкі. (Пасля Кізі чакаецца “Байцоўскі клуб” Чака Паланіка, “Чытво” Чарлза Букоўскі, “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд, перавыданне вонэгутаўскай “Бойні №5” і, можна спадзявацца, сёе-тое яшчэ.) Мэтай серыі бачыцца не толькі прышчэпка нашай літаратуры трохі іншай эстэтыкі, але й, так бы мовіць, “ін’екцыя свабоды”, бо кожная з перакладзеных кніжак пра гэта.

Кен Кізі – ікона прынамсі для двух амерыканскіх пакаленняў, пакалення бітнікаў і пакалення хіпі, нястомны эксперыментатар з псіхадэлікамі, арганізатар хіпаўской камуны, знакаміты аўтобусны падарожнік “далей, далей, далей”. Працуючы ў шпіталі начным санітарам і будучы пад уплывам галюцынагенаў, уздзеянне якіх даследаваў на сабе, Кізі шмат размаўляў з пацыентамі і прыйшоў да высновы, што іх ненармальнасць – міф, прыдуманы грамадствам, якое адрынула (і зняволіла) непадобных да сябе. Вынікам гэтага пераканання стаў культавы раман (а праз тузін гадоў – і фільм Мілаша Формана з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі). Паняцце псіхічнай нормы падаецца Кізі чыстай умоўнасцю, а падзел на здаровых і хворых між дактарамі і пацыентамі клінікі выглядае вельмі адносным. Перад намі вечны феномен улады – сістэмы, якае здушае бунты і карае нязгодных (прычым псіхічныя катаванні выяўляюцца найжахлівейшымі). І не менш вечная прага свабоды, гатовая пайсці да канца і заплаціць любы кошт.

– Супакойся. Я пайду першы. Праз мой дубовы чэрап мне нічога не зробяць. А калі мне не нашкодзяць, дык і табе таксама.

Сам залазіць на стол і раскідвае рукі па контуры. Машына зашчоўквае засьцежкі яму на прыдалоньнях і костачках… Яму мажуць скроні графітавай змазкай.

– Што гэта? – пытаецца ён.

– Праваднік, – адказвае тэхнік.

– І ўчыняць мне памазаньне правадніком. А вянок зь цёрну таксама ўскладуць?

Яны працягваюць мазаць, а ён сьпявае, так што ў іх ажно рукі трасуцца.

– Купляйце шмаравідла для моцных валасоў…

Надзелі штукі кшталту навушнікаў, карону срэбнага цёрну паверх графіту на скронях. Спрабуюць суцішыць ягоныя сьпевы, запіхваюць яму між зубоў кавалак гумавага шлянга.

– І лысіна адступіць да самых па-лю-соў…

Круцяць нейкія дыскі, машына трасецца, дзьве мэханічныя рукі бяруць паяльнікі і насоўваюць на яго. Ён падміргвае мне, кажа мне нешта, заглушана, нешта гаворыць мне, прамаўляе да мяне праз гумавы шлянг, а паяльнікі набліжаюцца да срэбра ў яго на скронях – іскры дугой упоперак, празь яго ідзе напруга, падымае яго мосьцікам, так што на стале застаюцца адно прыдалоньні і костачкі, а праз сплюснуты чорны гумавы шлянг вырываецца гук кшталту гэх-х-х! і Макмэрфі цалкам пакрыты імжой іскраў.

А за вакном вераб’і падаюць з проваду і дымяцца”.

Раман адметны, між іншага, сваёй мовай, усякага роду “няправільнасцямі”, якія жывуць у тэксце сваім жыццём. І беларускі перакладчык Аляксей Знаткевіч годна даў рады такім праблемам. У адным з інтэрв’ю ён назваў свой пераклад лепшым за расійскія. Можаце спраўдзіць, ці так гэта, набыўшы беларускага Кізі.

 

2. Патрык Зюскінд. Басэтля. Парфума. Пераклаў з нямецкай Васіль Сёмуха. Мн., выдавец Зміцер Колас.

Чалавечая мова надзвычай шчодрая на словы, што перадаюць разнастайнасць колераў. Мова гукаў ужо нашмат бяднейшая. А магчымасці перадаць багацце пахаў у нашай мове досыць сціплыя. Калі не лічыць геніяльных літаратараў. Першаадкрывальнікам водараў у паэзіі ХІХ стагоддзя лічыцца француз Шарль Бадлер, чый лірычны герой мог віртуозна выразіць усе адценні паху валасоў або, скажам, аголеных грудзей сваёй каханкі. Яшчэ далей у ХХ ст. пайшоў знакаміты нямецкі літаратар Патрык Зюскінд, аўтар бестселера “Парфума”:

“Гарады таго часу, пра які ў нас гаворка, патыхалі смуродам, такім смуродам, які сабе і ўявіць не можа чалавек нашых дзён. Вуліцы смярдзелі гноем, двары смярдзелі мачою, лесвіцы смярдзелі драўнінай і пацучынымі бэбахамі, кухні смярдзелі дрэнным вугалем і авечым лоем, неправетраныя гасцёўні смярдзелі ўедзеным ва ўсе шчыліны пылам, спальні — бруднай бялізнай, вільготнымі пухавікамі і едка-саладжавымі выпарынамі ночнікаў. З камінаў патыхала серкай, з гарбарняў — едкім шчолакам, з бойняў — праліванай крывёю. Людзі смярдзелі потам і нямытай бялізнай; з рота ў іх смярдзела гнілымі зубамі, з жыватоў — цыбуляй, а іхнія целы, калі людзі старэлі, пачыналі тхнуць прагорклым сырам, кіслым малаком, гнойнымі пухлінамі і пухірамі. Смярдзелі рэкі, смярдзелі плошчы, смярдзелі цэрквы, смярдзела пад мастамі і ў палацах. Смярдзелі сяляне і святары, чаляднікі і бабы майстроў, смярдзеў увесь дваранскі стан, смярдзеў нават сам кароль — ён смярдзеў, як драпежны звер, а каралева — як старая казліха, узіму і летам. Бо ў васемнаццатым стагоддзі яшчэ не было заслоны раз’едлівай актыўнасці бактэрый, а таму любая чалавечая дзейнасць, хай стваральная, хай разбуральная, усякая праява жыцця, хай калі яно нараджалася, хай калі гінула, уключала ў сябе смурод.

І мовы няма, — у Парыжы смурод стаяў найбольшы, бо Парыж быў найбольшы горад у Францыі. А ў самім Парыжы было месца паміж вуліцамі О’Фэр і Фэранры — Cіmetіère des Іnnocents, Могільнік нявінных, дзе ўсё прасмердла, як у пекле”.

“Парфума” выйшла ў 1985 годзе, адразу была перакладзеная на дзясяткі моваў і сабрала цэлую жменю прэстыжных літаратурных прэмій. Аўтар прачнуўся знакамітым. А ў 90-х беларускі пераклад Васіля Сёмухі з’явіўся ў нашым найлепшым у тыя гады часопісе “Крыніца”. З таго часу на паперы не перавыдаваўся – да 2017 г., калі выйшаў у Коласа ў серыі “Littera scripta”, пад адной вокладкай з не менш цікавым творам – монап’есай “Басэтля”.

 

3. Этгар Керэт. Раптам стук у дзверы. Пераклалі з іўрыту Павал Касцюкевіч і Сяргей Шупа. Мн., “Логвінаў”.

А вось яшчэ гісторыя пра мужыка, які ўсё жыццё ўсіх падманваў. Рубі  выдумляў неймаверныя байкі, пакуль не трапіў у краіну Хлусляндыю, дзе сустрэўся са скалечаным сабакам, якога некалі прыдумаў, хлусячы. Сабака ўдзячна лізаў яму рукі, бо, каб не хлусня, яго магло б зусім не быць. Але гэта яшчэ не ўсё. Побач з ім быў яшчэ адзін калека, са шкляным вокам і без дзвюх рук. Яго наш герой не ведаў, бо Ігар быў хлуснёй зусім іншага чалавека. Засталося знайсці ў рэальным жыцці аўтара той хлусні. Так Рубі пазнаёміўся з Наташай, якая адправілася з ім у Хлусляндыю да Ігара:

“Ігар ляжаў у нядузе: скура пажаўцела дашчэнту, а ён сам тачыўся потам. Але ўбачыўшы Наташу, шырока пасміхнуўся. Ён гэтак усцешыўся, што яна прыйшла ў адведкі, ажно захацеў падняцца і абняць яе, дарма што не трымаўся на нагах. А калі абняў, Наташа стала слёзна прасіць прабачэння, бо гэты Ігар даводзіўся ёй не толькі хлуснёй, але і дзядзькам. Так, дзядзькам, канешне, выдуманым, але ўсё роўна дзядзькам. А Ігар адказаў, што ёй няма чаго прабачацца. Згода: жыццё, якое яна яму прыдумала, можа, не было лёгкім, але ён цешыўся кожнаму імгненню, і няма чаго пераймацца, бо пасля чыгуначнай катастрофы ў Мінску, удару маланкі ў Кіеве і з’ядзення зграяй ваўкоў у Навасібірску сардэчны прыступ – пыл і драбяза”.

Не буду спойліць да канца, але вы зразумелі, што гэта love story з хэпі-эндам – ад аднаго з найлепшых апавядальнікаў сённяшняга літаратурнага свету Этгара Керэта, майстра кароткай формы і выбухованебяспечнага стылістычнага дыяпазону, калі некалькіх радкоў дастаткова, каб чытачы пераходзілі ад рогату да слёз і назад. І вельмі прыемна, што ў нас ёсць аж двое класных перакладчыкаў, Павал Касцюкевіч і Сяргей Шупа, здольныя яго пераўвасобіць з іўрыту на беларускую. А ў выніку маем ужо трэцюю за апошнія гады кніжку аднаго з самых смешных і самых кранальных празаікаў Ізраіля (і не толькі яго).

 

4. Ісмаіль Кадарэ. Хроніка ў камені. Пераклаў з албанскай Максім Мудроў. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Калі верыць класікам, кожны пісьменнік можа стварыць прынамсі адну добрую кнігу – шчырую кнігу пра сябе самога і сваё дзяцінства. Кадарэ – бясспрэчны класік албанскай літаратуры, і напісаў далёка не адну файную кнігу. Але “Хроніка ў камені” (ці не першы беларускі пераклад албанскай кнігі?) – магчыма, самы аўтабіяграфічны і самы лірычны твор аўтара. Маленькае горнае мястэчка з дамамі проста ў скалах – і юны апавядальнік сам-насам з цудамі, што адбываюцца навокал. Каларытныя суседзі і асабліва суседкі з іх размовамі, традыцыйны гарманічны бег жыцця, не гатовы да раптоўнага з’яўлення публічнага дому, не кажучы пра бамбёжкі Другой сусветнай вайны і камуністычную ідэалогію:

– Маладыя хлопцы і дзеўкі збіраюцца разам у падвалах і спяваюць забароненыя песні. Пра тое, што яны разбураць стары свет і збудуюць новы.

– Новы свет? А якім ён будзе, гэты новы свет?

– Яны ведаюць, мае дарагія, які. Ідзі і паслухай, наструнь вуха. Яны кажуць, што пакуль будзе пабудаваны новы свет, яшчэ шмат крыві пральецца.

– У гэта магу паверыць. Новы мост будуюць – і то ахвярнага барана рэжуць, а тут новы свет збіраюцца пабудаваць”.

Або: “– Ну і паскудства наўкол, дарагая Сэльфіджэ, – заклапочана казала цётка Джэма, завітаўшы таго дня да нас у госці. – Свет ператварыўся ў памыйніцу.

– Так адыходзяць імперыі, – адказала бабуля.

– Адыходзяць, – пагадзілася цётка Джэма, – але на іх месца прыходзяць іншыя. І таксама пакідаюць пасля сябе кучу гаўна”.

А яшчэ нешта, што дзівосна нагадвае нас. Досыць згадаць хоць бы персанажа Дз’ердзя, быццам спісанага з купалаўскіх “Тутэйшых”, які мяняе сваё імя то на грэцкае “Ёргас”, то на італьянскае “Джоржыа”, то на нямецкае “Юрген”, у залежнасці ад таго, як мяняецца ўлада. (Мае ў запасе нават імя Ёгура – на выпадак японскай акупацыі.) Або цудоўныя фрагменты хронікі, якімі заканчваецца амаль кожны раздзел: “Рубрыка мовазнаўцы. Спадары, якія знішчаюць нашу мову, зайшлі занадта далёка. Яны бессаромна замянілі прыгожае албанскае слова “нырцун” “падлодкай” ды замянілі чужародным словам “авія” албанскае слова “паветраныя”. Ганьба”. Нічога вам не нагадвае?

 

5. Яхім Топал. Цэх д’ябла. Пераклаў з чэшскай Сяргей Сматрычэнка. Мн., “Логвінаў”.

Не кожны дзень замежныя пісьменнікі, больш за тое – вядомыя замежныя пісьменнікі – думаюць пра Беларусь. Модны чэшскі літаратар задумаўся, прыехаў да нас, яшчэ трошкі падумаў – і змайстраваў раман. Не ўсім беларусам ён, што праўда, спадабаецца. Найперш таму, што пісьменнік змешвае гратэскавую антыўтопію з прыёмамі літаратуры нон-фікшн. І наіўны чытач не заўсёды аддзеліць першае ад другога. Вось, напрыклад, змрочнае апісанне прыдуманага аўтарам “музея” (нервовым не чытаць), экспанаты якога гавораць цытатамі з дакументальнай аповесці “Я з вогненнай вёскі”:

Будынак… гэта зруб з вузкімі байніцамі, такія я знаю. Сцены будынка з бярвёнаў, шчыльна збітых адно да другога, звонку абшытыя лістамі цалёвай сталі, дол заліты бетонам.

Алекс выцягвае ключ і з гонарам кажа: Музейчык у гэтым бункеры, што не чакаў?..

Бабка ў хустцы і доўгай спадніцы сядзіць адразу каля дзвярэй. Нежывая. Але за ейнымі акулярчыкамі я быццам бачу раскрытыя павекі й разумныя вочы. Раптам бабін твар торгаецца, яна размыкае вуснамі. Я была ў склепе з мамай і сястрычкай, яны грымелі над намі ботамі, сястрычка хацела закрычаць, дык я сунула ёй у рот лусту хлеба, каб ела, каб маўчала. І трымала ёй рот рукой; яна задыхнулася

Наступная бабуля ў яго за поліэтыленавай шторкай… Ёй было сем, калі ейнага тату прыкалацілі да варотаў, астатніх спалілі, а яна з усяго памятае толькі галёшы, – кажа Алекс. Падлучае. Братачка, і чаго ты надзеў тыя гумовікі? У цябе ж так ножкі будуць гарэць доўга. У гэтай гуме

 

6. Антоніа Табукі. Сны сноў. Пераклала з італьянскай Вольга Колас. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Аўтар, як і Кен Кізі, ужо некалькі гадоў як адышоў у лепшы свет, але ўспрымаецца хутчэй як сучаснік. Знакаміты ў сябе на радзіме і за мяжой літаратар, філолаг, перакладчык. Кавалер шматлікіх узнагародаў, у тым ліку партугальскіх і французскіх. “Сны сноў” – ужо другая кніга пісьменніка, якая выходзіць па-беларуску ў перакладзе Вольгі Колас.

Павага павагай, але ў кожным рэйтынгу непазбежна мусяць быць не толькі мацнейшыя, але й слабейшыя пазіцыі. Прынамсі, на суб’ектыўны густ складальніка. І гэта, на жаль, адна з іх. Перад намі такая сабе імітацыя Борхеса. Толькі без вынаходлівасці, парадаксальнасці і славутага лаканізму аргентынскага класіка. Пры ўсёй мініяцюрнасці кніжкі, некаторых фрагментаў магло б не быць – і твор ад гэтага толькі выйграў бы. Ужо ў першым “сне” аўтар не грэбуе задачкай пра крыцкіх хлусоў з падручніка па логіцы (бо ж сюжэтна пасуе, крыцкі лабірынт усё-ткі), а ў другім не саромеецца ў мільённы раз намякнуць на Чжуана Цзы (вядома ж, дзе сон, там і матылёк, і, безумоўна, ёсць чытачы, якія пра гэта яшчэ не чулі). Не ведаю, ці друкуюць Табукі італьянскія глянцавыя часопісы і ці чытае яго на радзіме так званы “масавы чытач”, але па-беларуску адчуванне кічу ўзнікае з першых старонак: “Дэдал адчуў вялікую скруху, і ў яго грудзях моцна забілася сэрца”. Баюся, гэты закід – не да перакладу, а да самога арыгіналу. Але ёсць у кніжцы і беларускія “дзівосы”. “Нястрыманы натоўп чакаў яго з бязлітаснымі рукамі”. Тут, як сказаў бы Артур Конан Дойл, адно злачынства накладаецца на другое. “Бязлітасныя рукі” – хутчэй ад стылістычнай непераборлівасці аўтара, а вось “чакаў з рукамі” – “прэзент” нашаму чытачу ад перакладчыцы.

Дзеля справядлівасці, далей, з трэцяга-чацьвёртага “сну”, робіцца трохі лепей. Так што можна нават набыць гэты маленькі томік. Каб прагарнуць яго за гадзінку, зазірнуць на “творчую кухню” (ці, дакладней, у “творчую спальню”) Апулея, Віёна, Рабле і шмат каго іншага. Параўнаць з творамі нашых знакамітых снабачцаў Уладзіміра Арлова й Ігара Бабкова А заадно праверыць, ці не занадта строга судзіць кніжку і яе пераклад аўтар гэтых словаў – усе мы часам можам памыляцца.

“– Божа, навошта ты мяне шукаеш? – спытаў Мікеланджэла Мерызі ў Хрыста.

Чалавечы Сын паглядзеў на яго, але нічога не сказаў. Яны прайшлі завулкам і выйшлі на пляц. Пусты пляц.

– Мне сумна,  – сказаў Мікеланджэла Мерызі.

Хрыстос паглядзеў на яго, але нічога не адказаў. Ён сеў на каменную лаўку і зняў сандалі. Памасажаваў ступні і прамовіў:

– Я стаміўся, я прыйшоў да цябе пешшу з Палесціны.

Мікеланджэла Мерызі трымаўся за сценку закутка, яго ванітавала.

– Але ж я грэшнік, – пракрычаў ён, – ты не павінен мяне шукаць!

Хрыстос падышоў да яго і крануў за руку.

– Я зрабіў з цябе мастака, – сказаў ён. – Я хачу, каб ты намаляваў адну карціну, і пасля ты зможаш вольна крочыць дарогай свайго лёсу.

Мікеланджэла Мерызі пачысціў рот ад ванітаў і запытаўся:

– Якую карціну?

– Мой сённяшні прыход да цябе ў шынок, толькі ты будзеш Мацвеем.

– Добра, – сказаў Мікеланджэла Мерызі, – я намалюю.

Ён павярнуўся ў ложку на другі бок. І ў гэты момант прастытутка, храпянуўшы, абняла яго”.

 

ІІІ. Дзіцячая літаратура:

 Часта сябры журы, выступаючы на ўручэнні прэмій, кажуць, як цяжка ім працавалася і якім няпростым быў выбар. Часам гэтыя фразы – не больш чым рытуал, форма падагрэву цікаўнасці ў прысутных і/або суцяшэння для тых, хто гэтай узнагароды ўрэшце не атрымае. Але сёлета я сапраўды спачуваю тым, хто будзе ацэньваць працу беларускіх перакладчыкаў, выбіраючы між добрым і яшчэ лепшым, выдатным і проста цудоўным. І найбольш гэта датычыць перакладаў дзіцячай літаратуры, а перадусім – двух з іх. Выхад якой кнігі – кэралаўскай “Алісы” ці “Пітэра Пэна” Бары – каштоўнейшы для нашай культуры? І праца якога перакладчыка – Веры Бурлак ці Уладзя Лянкевіча – заслугоўвае вышэйшай узнагароды? Я асабіста ад рашэння ўстрымаўся, ставячы ў гэтай “шасцёрцы” толькі дзве адзнакі: два першыя месцы – для вялікай класічнай дзіцячай літаратуры, і чатыры другія месцы – для проста вельмі добрых кніжак для дзяцей, напісаных сучаснымі пісьменнікамі.

 

1. Джэймс Мэцью Бары. Пітэр Пэн. Пераклаў з ангельскай Уладзь Лянкевіч. Мн., “Кнігазбор”.

Шэдэўр Бары “Пітэр Пэн” – шмат у чым дзіўная кніга. Аўтара можна было б умоўна назваць “постмадэрністам”. Як на дзіцячую літаратуру, тут шмат адсылак да іншых літаратурных твораў – вядома ж, таксама дзіцячых. Аўтар адчувае, што маленькі чытач (ці слухач) таксама ўспрымае не толькі тэкст але й кантэкст. Варта згадаць хоць бы Джэймса Крука, якога баяўся сам Джон Сільвер, якога баяўся сам Флінт.

Паводле ўсіх няпісаных законаў вядзення вайны, акурат індзеец павінен нападаць першым і рабіць гэта перад самым світанкам, калі баявы дух белых слабне. А белыя людзі, у сваю чаргу, робяць грубую агароджу на вяршыні вунь таго ўзгорка, ля падножжа якога бяжыць ручай, бо гэта верная смерць – трымацца далёка ад вады. І там яны сядзяць, чакаюць атакі, нявопытныя байцы сціскаюць рэвальверы і ходзяць цішком, а старэйшыя таварышы спакойна дрэмлюць да самай бітвы. А тым часам скрозь ноч дзікі разведчык паўзе змяёй, па траве, не зварухнуўшы ні лістка. А хмызняк перад ім расступаецца і пасля затуляе яго – гэтак жа ціха, як пясок, у які зарываецца крот. І ні гуку не чуваць, апроч таго, як індзеец падае знак, пераймаючы адзінокі вой каёта…”

(Да слова, гэткай жа паэтыкі трымаецца і бліскучая ілюстратарка кнігі Кацярына Дубовік. У пэўным эпізодзе Джэймс Крук пачуваецца быццам леў, замкнёны ў клетцы. Мастачка малюе не Джэймса Крука, а, вядома ж, ільва ў клетцы.)

Другая важная асаблівасць. Кніга, як на дзіцячую літаратуру, надзвычай аўтарэфлексійная. Ёсць тут не толькі пра літаратуру, але і пра яе дачыненні з жыццём, з дзецьмі, пра іх унікальнасць, прычым без дарослай ідэалізацыі ды “ружовых акуляраў”:

“– Гэх, шчаслівыя дні, калі я ўмела лятаць!

– А чаго ты цяпер не лётаеш, мама?

– Бо я вырасла, доня. Калі людзі вырастаюць, яны забываюць, як гэта робіцца.

– А чаму яны забываюць?

– Бо толькі вясёлыя, нявінныя і бессардэчныя ўмеюць лятаць, а дарослыя больш не такія.

– А як гэта – “вясёлы, нявінны і бессардэчны”? Я таксама хачу быць вясёлай, нявіннай і бессардэчнай”.

 

2. Льюіс Кэрал. Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса. Пераклала з ангельскай Вера Бурлак. Мн., “Галіяфы”.

Казкі Льюіса Кэрала пра Алісу – шэдэўры ангельскага нонсэнсу, і здорава выйшла, што яго па-беларуску перастварае Вера Бурлак, пісьменніца, вельмі ўважлівая да абсурдысцкай паэтыкі. Ілюстраваны Кацярынай Дубовік (зноў гэтая адметная мастачка!) том “Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса” быў выдадзены да кніжнага кірмашу ў лютым – і стаў, як на мяне, адной з найцікавейшых кніжных падзей пачатку 2017 года. (Як каляднае з’яўленне “Пітэра Пэна” – шыкоўнае ўпрыгожанне яго канца.) Цяпер бы яшчэ намовіць перакладчыцу, каб падрыхтавала і выдала першую кэралаўскую казку. Але гэты кляты недахоп часу…

І яны пабеглі з такой хуткасцю, што здавалася, быццам яны слізгаюць па паветры, ледзьве кранаючы нагамі зямлю. Раптам, калі Аліса адчула, што не здольная зрабіць больш ані кроку, яны спыніліся.

Каралева прытуліла яе да дрэва і сказала ласкава:

– Адпачні трохі.

Аліса агаломшана азірнулася

– Але ж мы ўвесь час былі пад гэтым дрэвам! І засталіся на тым жа месцы!

– Вядома ж, – адказала Каралева. – А чаго ты хацела?

– У нас, – адказала Аліса яшчэ трохі задыхана, – калі бяжыш так хутка і так доўга, як мы, часцей за ўсё трапляеш у іншае месца.

– Як у вас усё марудна! – усміхнулася Каралева. – Тут трэба бегчы з усяе моцы, каб застацца на адным месцы. А калі хочаш трапіць у іншае, трэба бегчы ўдвая хутчэй!

  Абедзве кнігі перакладзеныя таленавітымі паэтамі, і гэта выразна відаць. Што праўда, калі ў “Пітэры Пэне” сустракаюцца зусім невялічкія паэтычныя фрагменты, то геніяльны паэт Льюс Кэрал дае магчымасць і перакладчыцы разгарнуць свае здольнасці напоўніцу:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне шмат было турбот.

Сустрэўся неяк я з дзядком,

Які залез на плот.

– Ты хто? – спытаў я. – Чым жывеш?

І як ты бавіш час?

Ды як удар аб пень саве

Мне быў яго адказ:

 

– Гатую з крылцаў матылька

Гатунак пасцілы –

І ім гандлюю з малатка,

А часам і з пілы.

Яе купляюць маракі,

Што йдуць у мора ў шторм.

Прыбытак не абы-які,

Хапае на пракорм…”

 

2. Юя Вісландэр. Хутчэй, Мама Му! Пераклала са шведскай Надзя Кандрусевіч. Мн., “Логвінаў”.

Шведская дзіцячая літаратура вядомая сваімі шэдэўрамі і не патрабуе спецыяльных рэкамендацый. Праўда, цяпер мы ведаем, што пасля Астрыд Ліндгрэн і падарожжаў Нільса было (і ёсць!) яшчэ шмат чаго. І не апошнюю ролю грае тут перакладчыца і прамоўтарка сучасных шведскіх аўтараў у Беларусі Надзя Кандрусевіч. Адна з фантастычных аўтарак, якую адкрыла для нас Надзя, – Юя Вісландэр. Спачатку “Малы і мядзведзік” з працягам, а потым цэлы шэраг кніжак пра карову Маму Му і Крумкача: простыя, але актуальныя для грамадства, дасціпныя гісторыі, вельмі дынамічныя, так што самі просяцца ў інсцэнізацыі. І поспех тэатру “Лямцавая батлейка” – цалкам заканамерная штука.

Мама Му хадзіла туды-сюды па вадзе ды цягала за сабой човен з ветразем.

– Му-у, глядзі, Крумкач, за ім уздымаюцца хвалі. Хараство!

– Ушчыкніце мяне за пёркі, ты ж карова, Мама Му! А калі карова тупае туды-сюды па вадзе ды яшчэ цягае за сабой човен, дык вядома, што ўздымуцца хвалі!

– Гэта ж класна, Крумкач, далучайся!

– Цягаць лодачкі за вяровачкі? Нізавошта! Я паляцеў дахаты, заставайся здарова, дарагая карова!

 

2. Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак. Гімназія №13. Раман-казка. Пераклала з рускай Раіса Баравікова. Мн., выдавец А. М. Янушкевіч.

Пакуль у літаратурных колах не ціхнуць спрэчкі, належыць або не належыць да беларускай культуры творчасць нашых рускамоўных пісьменнікаў, тандэм Андрэй Жвалеўскі – Яўгенія Пастэрнак (думаю, па-беларуску ўсё-ткі правільней “Пастарнак”, праверачнае слова – “Барыс Пастарнак”) моўчкі робяць сваю справу, публікуючы, адзін за адным, дзіцячыя бестсэлеры. Вельмі прыемна, што ці не самы паспяховы з іх самі пісьменнікі пажадалі ўбачыць выдадзеным па-беларуску. Пераклад колькі гадоў таму зрабіла для часопіса “Маладосць” знакамітая паэтка Раіса Баравікова. Сёлета, пасля ўдалага краўдфандынгу, раман выйшаў у новай, адрэдагаванай, кніжнай версіі. Так што сустракайце: кніга-квэст, кніга – уводзіны ў славянскую міфалогію з філіялам Лукамор’я для “сяброў Людмілы і Руслана” ў дадатак. Юныя аматары гісторыі Менска, таксама не праходзьце міма, сёе-тое для вас знойдзецца.

– І тут падыходзіць Пярун да Вялеса і яяяк жахне яму па кумпале! – вяшчаў Васька, велічна ступаючы крок за крокам на ланцугу. – А Вялес гэты дзівіцца… Кхе-кхе…

Тут ланцуг, нарэшце, скончыўся, нацягнуўся і злёгку прыдушыў ката. Васька адкашляўся, потым вылізаўся і запытаўся ў Машы:

– Гэта я зараз налева хадзіў?

Маша стомлена кіўнула. Яна ўжо ў соты раз адказвала на гэтае пытанне.

– Значыцца, – аб’явіў Васька, – цяпер направа пайду.

Ён развярнуўся і гэткай жа ўрачыстай хадою рушыў да дуба.

Усе адразу зморшчыліся і прыкрылі вушы.

– Оой ты гооой ясі! – загаласіў кот на працяглы матыў, які зусім не супадаў з яго запаволеным крокам.

– Не ясііі мянееее! – дадаў гучнасці кот. – Твааайго коціка!..

– Паважаны кот! – сказаў Антон ветліва, але цвёрда. – Кажыце, калі ласка, па справе.

– Я па справе, – заявіў кот горда.

– Калі б мы ведалі, што вы такую лухту гнаць пачнеце, мы б вас не на ланцуг пасадзілі, а ў клетку…

– Звяр’ё, – з задавальненнем зрабіў выснову Васька. – Дарэчы, на ланцуг вы мяне дарэмна саджалі. Я і так размаўляць умею.

– А чаго ж не прызнаўся? – абурыўся Мішка. – Навошта мы за табою ўсю раніцу ганяліся?

– Па-першае, – сказаў кот, – калі б вы мяне на ланцуг не пасадзілі, я збег бы. І нічога б вы ад мяне не пачулі. Па-другое, ёсць ланцуг – ёсць сістэма. Цяпер я дакладна разумею, калі трэба песню заводзіць, а калі казку казаць. А па-трэцяе…

Васька сеў і зажмурыўся са шчасліваю ўсмешкаю. Выгляд у яго стаў як у ката, які наноў перажывае найпрыемнейшыя падзеі сваёй кашэчай біяграфіі.

– Па-трэцяе, прыкольна пабегалі!

 

2. Чатыры кнігі Свэна Нурдквіста ў перакладах са шведскай Надзі Кандрусевіч: Свэн Нурдквіст. Калядная каша. Мн., “Кнігазбор”; Свэн Нурдквіст. Паляванне на ліса. Мн., “Кнігазбор”; Свэн Нурдквіст. Пэтсан сумуе. Мн., “Кнігазбор”; Свэн Нурдквіст. Фіндус з’язджае. Мн., “Кнігазбор”.

Сага пра пенсіянера Пэтсана і яго эксцэнтрычнага сябра, ката Фіндуса, даўно і заслужана стала ўлюбёнай у беларускіх дзетак. Яно і зразумела, калі перакладчыца – ужо другі раз згадваю і хвалю тут Надзю Кандрусевіч – працуе плённа і сістэматычна. Тры “Пэтсаны” на паперы і дзевяць аўдыёкніжак пра нашых герояў, і ўсё гэта за адзін год! Плюс кніга таго ж Нурдквіста пра гномаў, “Калядная каша”, вельмі дарэчная на зімовыя святы:

Разумееш, калі людзі частуюць гнома, яны паказваюць яму сваю павагу ды пашану. Гэта значыць, яны ўдзячныя за ўсё, што ён робіць, яны баяцца яго раззлаваць. Раззлаваны гном можа наслаць на людзей гора і няшчасце. А я магу ох як раззлавацца, калі людзі не шануюць мяне як след. Разумееш, мая маленькая дзяўчынка, калі цэлы год плануеш ды плануеш…

– Хі-хі-хі, – хіхікнула Полька. – Ты сказаў “плануеш”, а трэба “працуеш”.

 

2. Ціма Парвела. Эла і сябры. Пераклала з фінскай Алена Казлова. Мн., “Мастацкая літаратура”.

Толькі адна з васямнаццаці пазіцый – во дзівосы! – у выдавецтва “Мастацкая літаратура”, астатнія сямнаццаць – у маленькіх незалежных выдавецтваў. І гэта адлюстроўвае, як бы тут мякчэй выразіцца, складанасці культурнай палітыкі ў Беларусі. Але сама гэтая пазіцыя цудоўная, кніжка вельмі сімпатычная, а праца перакладчыцы Алены Казловай класная. Паспрабуй дай рады жывым і непасрэдным дыялогам першакласнікаў, тым больш калі гэта ўсё напоўненае моўнымі гульнямі, як у выпадку “сапсаванага тэлефона”, што пару разоў сустракаецца ў тэксце:

– У настаўніка будзе дзіця, перадай далей, – шапнула мне Ханна.

– Не буду я нікому перадаваць, – сказала я Ханне. – Пакуль да апошняга дойдзе, усё перакруціцца так, што будзе ажно смешна.

– Што смешна перакруціцца? – спытаў Тука, які стаяў перада мной.

– Пра дзіця настаўніка перакруціцца, – патлумачыла я. 

– Дзіця настаўніка перакруціцца – перадай наперад, – сказаў Тука Сампу.

– Дзіця настаўніка ўжо курыць, – шапнуў Сампа Ціне.

– У настаўніка ў торбе курыца, – Ціна шапнула Патэ”.  

Увогуле кніжка Парвела – адна з самых смешных у спісе, такі сабе Этгар Керэт для сямігадовых, і я раз-пораз чуў рогат дачкі, якая першая ў сям’і знаёмілася з творам. Але потым сам дабраўся да кніжкі – і ўсё зразумеў:

Сампа і Тука прыклеілі сабе вусы з ваты. Яны вырашылі выдаваць сябе за школьных інспектараў, каб было ямчэй назіраць за настаўнікамі.

— Ну што, я цяпер падобны да інспектара? — за­клапочана спытаў Сампа.

Ён спецыяльна гаварыў тоўстым голасам.

— Больш да Дзеда Мароза,— прабурчаў Тука праз свае вусы.

У такім выглядзе «інспектары», папярэдне пагру­каўшы ў дзверы, увайшлі ў настаўніцкую.

— Дабрыдзень, дабрыдзень. Ці ёсць тут паслухмяныя дзеці? — нізка сказаў Сампа.

— Гэта ж настаўнікі, дуралей, — шапнуў Тука і штурхануў Сампу ў бок.

— Ці ёсць тут настаўнікі-дуралеі? — зноў забасіў Сампа”.

 

Што тут яшчэ дадаць?

Шчаслівых зімовых святаў – і прыемнага чытання!

 

Андрэй Хадановіч 

паэт, перакладчык паэзіі, выкладчык замежнай літаратуры,

лаўрэат літаратурнай прэміі імя Карласа Шэрмана (2017) за пераклад кнігі вершаў Шарля Бадлера,

budzma.by

пераклады, крытыка, Каляровы ровар, ПрайдзіСвет, агляды, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
19 студзеня 2018

«Кніганоша» № 47 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны
17 студзеня 2018

У Калініградзе з’явіцца вуліца Францыска Скарыны

Чытаць далей...
Віншуем Ірыну Жарнасек!
17 студзеня 2018

Віншуем Ірыну Жарнасек!

Чытаць далей...
«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)
17 студзеня 2018

«Літаратурная Беларусь» № 136 — снежань 2017 (спампаваць пдф)

Чытаць далей...
168