Найстарэйшая творчая арганізацыя Беларусі |гады заснавання – 1933-1934|

07 красавіка 2017

Вешчуны прыйшлі на Беларусь (+ФОТАГАЛЕРЭЯ)

Зборнік твораў выпускнікоў Школы маладога пісьменніка пры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" прэзентавалі 7 красавіка ў мінскім Літаратурным музеі Петруся Броўкі.

Амаль пяць гадоў таму ў Мінску пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў пачала працаваць адмысловая Школа маладога пісьменніка, аналаг студый creative writing, даўно распаўсюджаных у Еўропе і Амерыцы, аднак дагэтуль нязвыклых і новых для Беларусі. Нібыта ж і немагчыма навучыцца пісаць, нібыта ж, як той казаў, "становяцца", а не "нараджаюцца". Але ўсё гэта фразеалагізмы і стэрэатыпы. Нягледзячы на ўсю імпульсіўнасць маладосці, ледзь не ўсе выпускнікі ШМП застаюцца ўдзячнымі Школе, каардынатарам і выкладчыцам, бо атрымалі нешта бясспрэчна карыснае для сябе, навучыліся бачыць свой тэкст збоку, аналізаваць, як зроблены тэксты іншых.

Вечарына ў музеі Броўкі была хутчэй для "сваіх", і запоўненая зала ніяк гэтага не адмяняла. Папросту самая кніга "Вешчуны ідуць на Беларусь" аб'ядноўвае некалькі тузінаў маладых літаратараў, розных паводле ўзросту і мовы, падыходаў і досведу. Шмат хто пабачыў кніжку менавіта на вечарыне, бо і выдадзеная яна была зусім нядаўна. Таму для многіх гэта быў пэўнага кшталту сакральны вечар, бо творы кнігі большай часткай упершыню выходзілі на паперы, а для кагосьці гэта і наогул была першая папяровая і кніжная публікацыя. 

У вечарыне, акрамя аўтараў зборніка, узялі ўдзел выкладчыцы Школы Ганна Бутырчык і Наталля Паваляева. Мадэравала сустрэчу адна з каардынатарак Школы Юля Цімафеева, якая нямала распавяла пра навучанне ў Школе, будучы Дзень расчыненай брамы і асаблівасці навучання на другім годзе Школы.

Выкладчыца і рэдактарка зборніка Ганна Бутырчык рыхтавала яго з маладзейшымі навучэнцамі Марыяй Маляўкай і Сяргеем Шаматульскім і адзначыла прыстойны як на цяперашні час культурніцкі бэкграўнд аўтараў: "Мне прыемна, што сярод навучэнцаў школы ўжо ёсць амаль прафесійныя пісьменнікі і прафесійныя чытачы. Хто ведае, можа, у гэтай аўдыторыі сядзіць будучы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Уявіце, як у некалі ў вузкім коле адкрыецца зборнік ʼʼВешчуны ідуць на Беларусьʼʼ, і вы скажаце ʼʼА ўсё пачыналася так...ʼʼ. Ужо і цяпер "школьнікі" атрымлівюць літаратурныя прэміі. Крысціна Бандурына атрымала ʼʼЗалаты Апострафʼʼ, Зараслава Камінская намінавалася на "Залаты апостраф" у дарослай намінацыі і сёлета паедзе ў рэзідэнцыю маладога літаратара ў Вільні. Нехта ўжо прэзентаваў свае кнігі. У наступныя гады зборнік будзе складацца з новага курса і з новых твораў былых выпускнікоў". Выкладчыца Наталля Павяляева прачытала верш Віславы Шымборскай "Вермеер" у перакладзе Андрэя Хадановіча, дзе ў мастацтве паказана апраўданне існавання свету. Пакуль з нічога ствараецца прыгожае, "ні мы, ні Свет яшчэ не заслужылі канца свету". 

З увагі на тое, што аўтараў у зборніку сабралося вельмі шмат, арганізатары прыдумалі латарэю: кінулі ў чорны капялюш паўтара дзясяткі паперак з прозвішчамі, і яны пакрысе адтуль выцягваліся. Старт оскараўскай цырымоніі з называннем прозвішча дала Юля Цімафеева, а потым ужо яе падхапілі ўласна навучэнцы, якія агучвалі імёны з відавочным задавальненнем, бо за час вучобы шмат з кім пасябравалі. Часу на прэзентацыю сябе ў іх было няшмат, фактычна на ўзроўні слэмавага выступу - адна старонка. Тым не менш, і з адной старонкі ўсё станавілася ясна. Хтосьці пісаў пра коцікаў, хтосьці заглыбляўся ў экзістэнцыйныя эмпірэі, шмат што - хоць і пісалася некалькі гадоў таму - заставалася сугучным сённяшняй сітуацыі. Так, у творы Ніны Лістоты ў нейкай краіне ўжо год было забаронена размаўляць па-беларуску, Зараслава Камінская згадала НКВД, а проза Юліі Арцёмавай распавядала пра Плошчу, пастарункі, збіццё і разбіванне дзіцячых успамінаў.

Ніхто не сышоў з вечарыны пакрыўджаным і самотным, бо меў кнігу - а нават і дзве, бо аўтары і аўтаркі атрымалі аўтарскія асобнікі. Думаецца, што ў ваколіцах Карла Маркса, праспекта і Нямігі ў гэты вечар гудзела літаратурнае жыццё. Прынамсі, старыя літарацкія пакаленні дакладна б гудзенне і дудзенне тое зладзілі б. Зрэшты, у дзень Дабравешчання анталагічным аўтарам "Вешчуноў..." магло б хапіць і чыстых эмоцый і легальных стымулятараў.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Тэкст: ЦЧ, фота: ВТ

Школа маладога пісьменніка, прэзентацыі, кнігі

Каментары

Апошнія навiны

(Паказаць усе навіны)
Смерць Купалы: няшчасны выпадак, самагубства ці забойства?
28 чэрвеня 2017

Смерць Купалы: няшчасны выпадак, самагубства ці забойства?

Чытаць далей...
Дзённікі «Экслібрыса»: Алена Пятровіч пра цікавыя мовы і галоўную ўмову для камфорту перакладчыка
28 чэрвеня 2017

Дзённікі «Экслібрыса»: Алена Пятровіч пра цікавыя мовы і галоўную ўмову для камфорту перакладчыка

Чытаць далей...
Настассі Лазебнай — 65!
28 чэрвеня 2017

Настассі Лазебнай — 65!

Чытаць далей...
Аргкамітэт Прэміі Гедройца-2017 абвяшчае поўны спіс намінантаў
28 чэрвеня 2017

Аргкамітэт Прэміі Гедройца-2017 абвяшчае поўны спіс намінантаў

Чытаць далей...
503